Колькі каштуе сустрэць Новы год на браслаўскіх азёрах

Калейдоскоп

eSFRTbxu1q8Да, бадай, самага любімага намі свята — Новага года — застаецца крыху больш за паўтара месяца. Правесці ж чароўныя дні на Браслаўшчыне даўно стала традыцыяй у шматлікіх турыстаў. Мы паспрабавалі высветліць, наколькі такі адпачынак здольны аблегчыць кашалёк.

На турыстычных сайтах даўно «вісяць» прапановы сустрэць Новы год у краі блакітных азёр і чыстага паветра.

Найбольш буйныя тураператары актыўна прапануюць адпачываючым навагоднія туры, а ўладальнікі аграсядзіб сігналізуюць пра пакуль што свабодныя месцы, якія можна забраніраваць на вядомыя даты. Найбольш насычаную святочную праграму прапануе нацыянальны парк. Акрамя пражывання і харчавання, анансуюцца шматлікія забаўляльныя праграмы, экскурсіі, пракат, баня, рыбалоўныя і паляўнічыя туры, катанне на санях і, вядома ж, навагодні банкет з адпаведнай анімацыяй. Жадаючым сустрэць 2018-ы на базе адпачынку «Дрывяты» давядзецца заплаціць за пяцісутачны навагодні тур ад 473 да 808 рублёў з чалавека ў залежнасці ад ступені камфортнасці апартаментаў. Зняць катэдж на іншых базах нацыянальнага парка на той жа тэрмін можна за BYN 1 600 — 4 955. Калядны тур, які таксама доўжыцца пяцёра сутак, будзе каштаваць крыху танней. Як правіла, у абазначаныя сумы ўключана пражыванне, харчаванне, святочны банкет з забаўляльнай праграмай і пікнік. За дадатковыя паслугі давядзецца даплачваць.

Унітарнае прадпрыемства «Браслаўскія азёры», ці, як мы прывыклі яго называць, прафсаюзная турбаза, таксама запрашае да сябе гасцей. Дзевяцідзённыя навагоднія туры тут каштуюць ад 528 рублёў з чалавека. Сума пакрывае пражыванне, харчаванне, забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі і паслугі аўтастаянкі.

На сайце «Грын клаба» спецыяльных навагодніх прапаноў пакуль няма. Аднак магчымасці сэрвісу дазваляюць забраніраваць месцы на пажаданую дату. Адпачынак з 30 снежня па 2 студзеня аблегчыць кашалёк на суму ад 360 да 1 275 беларускіх рублёў у залежнасці ад выбраных апартаментаў (ад 3 да 8 чалавек). У кошт уключаны сняданак. Дарэчы, усе домікі, калі меркаваць па даных таго ж сайта, на навагоднія дні ўжо забраніраваны.

Месцы можна без праблем знайсці ў аграсядзібах раёна. Кошт на святочныя дні, вядома, вышэйшы за звычайны. Напрыклад, зняць сядзібу на 5-6 чалавек недалёка ад Браслава на беразе возера (праўда, актуальнасць гэтай акалічнасці зімой выклікае пэўныя пытанні) можна за BYN 1 000 — 1 200. Гаспадары прапануюць за гэтыя грошы камфортнае, па іх словах, пражыванне і карыстанне альтанкай і мангалам. За баню прыйдзецца плаціць асобна, а харчаванне забяспечваць самастойна.

Рэкламуюць некаторыя суб’екты аграэкатурызму і правядзенне ў сябе навагодніх карпаратываў. Так, на адной з даволі вядомых сядзіб гэта паслуга каштуе ад 45 рублёў з чалавека.

Адным словам, навагодні адпачынак на Браслаўшчыне танным не назавеш. Кошт многіх прапаноў перавышае сярэднюю заработную плату па раёне.

■ Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.