Хэлоўін: думкі за і супраць

Калейдоскоп

Напрыканцы кастрычніка жыхары і госці нашага горада, адны з вясёлым здзіўленнем, іншыя — нават з жахам, сустракалі на вуліцах горада хлопцаў і дзяўчат з размаляванымі тварамі: моладзь адзначала Хэлоўін. Свята, дарэчы, многімі ўспрымаецца неадназначна і выклікае вакол сябе спрэчкі. Хтосьці лічыць яго непатрэбнай запазычанай традыцыяй, а нехта разглядае проста як дадатковую магчымасць павесяліцца. «Браслаўская звязда» пацікавілася меркаваннем браслаўчан на гэты конт.

IMG_8879 (Medium)
Протаіерэй Міхаіл КАЛЯДА, благачынны Браслаўскай акругі

Протаіерэй Міхаіл КАЛЯДА, благачынны Браслаўскай акругі: — Праваслаўная Царква адмоўна ставіцца да святкавання Хэлоўіна. Гэта язычніцкае свята, дзе людзі прывучаюцца плаціць злу даніну і мірыцца з ім, у той час як вернікі павінны выракацца любых яго праяў. Людзям лепш далучацца да хрысціянскіх свят, якія нясуць святло і радасць. На днях у Мёрскім раёне адбыўся фестываль нядзельных школ «Язненскі Благавест» — вось, лічу, прыклад ідэальнага мерапрыемства, дзе дзеці могуць і праявіць свае творчыя здольнасці, і адчуць святочную атмасферу.

 

 

 

 

IMG_5107 (Medium)
Галіна Драбовіч, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі

 — Мяне выхоўвалі, зыходзячы з хрысціянскіх традыцый, таму гэтае навамоднае свята мне не цікавае. Больш блізкі і зразумелы Дзень Усіх Святых, калі памінаюць продкаў. Узгадваць жа нячыстую сілу і ладзіць у яе гонар свята не лічу патрэбным. Думаю, што жыццё часам падкідвае і так нямала складаных сітуацый, каб яшчэ дадаваць у яго розныя «страшылкі». Тым больш што ў нашым календары маецца дастаткова свят, якія нясуць радасць людзям рознага ўзросту.

 

 

img_7028_custom
Лідзія ПРУСАКОВА, браслаўчанка

 — Мне здаецца, што негатыўныя адносіны да Хэлоўіна выкліканы больш стэрэатыпамі. Трэба адносіцца да гэтага свята прасцей — як да забавы, карнавалу, магчымасці весела пабавіць час. На той жа Новы год многія таксама пераапранаюцца ў розныя касцюмы — і ніхто не абураецца. Вось у гэтым годзе на Хэлоўін мы правялі цікавае мерапрыемства, на якое сабраліся бацькі з дзецьмі, — усім было весела.

 

 

 

 

IMG_5102 (Medium)
Яўген МАРКОВІЧ, майстар лесу Барунскага лясніцтва НП «Браслаўскія азёры»

 — Я абыякава адношуся да Хэлоўіна, бо толкам не ведаю, што гэта такое і ў чым яго сэнс, ды і ўвогуле не лічу сапраўдным святам. Хапае ў нас і так магчымасцей цікава і весела правесці вольны час. Таму Хэлоўін цяпер не адзначаю і не збіраюся гэта рабіць і надалей.

 

 

 

 

image
Святлана СКУР’ЯТ, педагог-псіхолаг браслаўскай гімназіі

 — Традыцыі Хэлоўіна падразумяваюць сімвалічнае ўвасабленне злых духаў, смерці, а таму могуць разбуральна ўплываць на псіхічнае здароўе ці духоўна-маральны стан людзей. Асабліва гэта датычыцца несфарміраванай яшчэ дзіцячай псіхікі. Святочнае дзейства для малых нібы страшная казка, дзе вакол толькі злыя сілы. Гэта можа прывесці да ўзнікнення рознага кшталту страхаў, начных кашмараў, павышанай трывожнасці і нават агрэсіі. Да таго ж падчас святкавання знікаюць межы паміж дабром і злом. Таму спецыялісты з асцярогай адносяцца да Хэлоўіна. ■

 

 

 

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара і

з асабістых архіваў.