«ТРАФЕЙ – 2017» аб’яднаў спартсменаў і аматараў рыбалоўства

Отдых

 

На перашыйку паўвострава, які падзяляе азёры Струста і Снуды, 21 і 22 кастрычніка адбыліся спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы спінінгам, арганізаваныя Беларускім інтэрнэт-клубам (БРІК) пры падтрымцы ДПУ НП «Браслаўскія азёры».

IMG_9195 (Medium)IMG_9090 (Medium)

Судзейская калегія зарэгістравала 70 удзельнікаў, якія аб’ядналіся ў 32 экіпажы, прычым сярод іх былі як дзеючыя спартсмены зборнай Беларусі па лоўлі спінінгам, так і аматары. Яна ж прымала ў залік агульнакамандны ўлоў і самыя буйныя экзэмпляры шчупакоў і акунёў, здабытых індывідуальна.

Перад пачаткам спаборніцтваў усім спінінгістам выдалі спецыяльныя лінейкі, каб вызначаць па іх даўжыню злоўленай рыбы, а потым фіксаваць гэты момант на фотаздымку. Трафейныя ж экзэмпляры для большай дакладнасці трэба было даставіць жывымі на бераг. Суддзі старанна іх аглядалі, каб не было пашкоджанняў у выпадку магчымага вылаву неспартыўным спосабам, вымяралі і заносілі даныя ў пратакол, а рыбу змяшчалі ў басейн з азёрнай вадой.

У выніку двух тураў спартыўнага рыбалоўства закідам з уловам аказаліся 19 экіпажаў. Усяго спінінгісты вывудзілі з водных глыбіняў 35 асобін, прынятых у залік (шчупак даўжынёй, не меншай за 50 см, і акунь, не карацейшы за 30 см).

IMG_9038 (Medium)IMG_9226 (Medium) IMG_9225 (Medium) IMG_9227 (Medium) IMG_9229 (Medium) IMG_9232 (Medium) IMG_9233 (Medium)

 

IMG_8937 (Medium)

Трафейнага шчупака (85 см) злавіў майстар спорту Віктар Смальняк, а акуня (42 см) — Сяргей Раманаў, таксама майстар спорту, віцэ-чэмпіён свету (сярэбраны прызёр у 2016 годзе) па лоўлі спінінгам у прэснай вадзе.

Трэба сказаць, што рыбацкае шчасце ўсміхнулася на браслаўскіх вадаёмах не толькі спартсменам, але і аматарам. Так, першыя 2 месцы ў агульным заліку дасталіся Віталію Кляноўскаму і двум яго знаёмым (Мінск, Пінск), а таксама мінчаніну Віталію Дубовіку, які спаборнічаў у лодцы адзін. Трэцяе месца заваяваў экіпаж дзеючых чэмпіёнаў рэспублікі «Лакі Джон» на чале з Юрыем Юрчанкам.

Пераможцы ў трафейным заліку атрымалі галоўныя прызы — каляровыя эхалоты. Пяцярым прызёрам уручылі наборы маторных масел, а таксама рыбалоўныя прыналежнасці, сертыфікаты ад «Квіткі.бай» наміналам па 100 руб., якія можна патраціць у білетных касах рэспублікі на канцэртныя, спартыўныя ці забаўляльныя мерапрыемствы. Таксама памятныя прызы найбольш удачлівым спінінгістам «Трафея — 2017» уручыў прадстаўнік нацыянальнага парка.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўся жывая рыба, якая знаходзілася ў басейне, была выпушчана зноў у возера, а ўдзельнікі спаборніцтваў размясціліся за агульным сталом з шашлыком і юшкай, які арганізаваў клуб «БРІК».

IMG_9242 (Medium)


Па выніках супрацоўніцтва БРІК з кіраўніцтвам нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» ў Міністэрства спорту і турызму накіраваны для зацвярджэння прапановы правесці ў 2018 годзе на азёрах Струста — Снуды першы этап Чэмпіянату Беларусі па спінінгу з лодак (прыкладна праз тыдзень пасля веснавой нераставай забароны), а таксама і другі яго этап на воз. Дрывяты ў другой палове верасня. Трэці этап чэмпіянату пройдзе на р. Прыпяць у сярэдзіне кастрычніка. Па выніках трох этапаў будзе сфарміравана зборная каманда, якая прадставіць рэспубліку на Чэмпіянаце Свету ў 2019 годзе.


Казімір ПЯТУШКА.

Фота Уладзіміра ПЯТКЕВІЧА,

вядучы спецыяліст

аддзела турызму

НП «Браслаўскія азеры».