Як калгасны вадзіцель амаль палову СССР зкалясіў

Люди
IMG_5599 (Medium)
Іосіф Ракель перад выездам у чарговы рэйс

Цяпер работа большасці вадзіцеляў сельгаспрадпрыемстваў страціла тую рамантычнасць, якая была ў савецкія часы. Тады калгасныя шафёры нярэдка ездзілі ў Казахстан, Украіну, Малдавію, шматлікія вобласці Расіі. І калясілі па прасторах былога Саюза не на цяперашніх хуткіх аўтамабілях, а на ГАЗонах, пазней на ЗіЛах.

Вадзіцель ААТ «Бярозавы край» Іосіф Ракель з задавальненнем успамінае тыя часы. Пасля заканчэння Відзаўскага вучылішча, дзе атрымаў прафесію механізатара і вадзіцеля, служыў у арміі. Вярнуўся ў родныя Пеліканы і ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас імя Фрунзе. Тры гады працаваў трактарыстам, а затым атрымаў новенькі ЗіЛ-130.

— Якія цяпер нагрузкі ў калгасных вадзіцеляў, — разважае Іосіф Аляксандравіч. — Вось у нас, напрыклад, уборка ўраджаю заканчваецца, падрамантую свой МАЗ — і можна амаль усю зіму адпачываць, бо рэйсаў выдаецца мала. Раней жа вясковых «самазвальшчыкаў» зімой ні ў якім разе ў водпуск не адпускалі: з раніцы да вечара «цягалі» з балот тарфакрошку. Дамоў прыйдзеш чорны, бы шахцёр з вугальнай шахты. Тарфяны пыл у рукі і твар уядаўся настолькі, што адмываўся толькі праз месяц-другі.

А самай любімай парой года ў той час для маладога вадзіцеля была восень. Вясной на вырошчванне буракоў у гаспадарку прыязджалі жанчыны з Украіны. Пасля ўборкі караняплодаў, як правіла, больш ахвотна яны бралі не грошы, а натураплату — зернем, бульбай, будаўнічымі матэрыяламі. І, каб заробленае даставіць да месцажыхарства наёмных работнікаў, Іосіфу даводзілася рабіць да дзясятка рэйсаў. Скалясіў тады ўсё Закарпацце, даязджаў да граніцы з Румыніяй. І цяпер, калі расказваў пра тыя паездкі, папутчыкаў, якіх даводзілася падвозіць, у мужчыны ў вачах пачынаў блішчэць задорны малады агеньчык, бачылася, што ён па-но- ваму перажывае тыя гады, вясёлыя і не зусім здарэнні, што выпадалі ў далёкай дарозе.

Праўда, і цяперашняе вымушанае сезоннае беспрацоўе вадзіцеля не надта пужае. Для яго зіма — час, калі ўсяго сябе можна аддаць любімаму занятку — падлёднай рыбалцы.

— Раніцай прачнуся, — гаворыць І. Ракель, — накармлю жывёлу і адпраўляюся на любімае Абалянскае возера, дзе адпачываю душой, успамінаю шляхі-дарогі маладосці, па якіх давялося калясіць. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара