Нона і Ігар Баранавы 30 гадоў на варце здароўя сяльчан

Люди

Ужо 30 гадоў стаяць на варце здароўя вяскоўцаў Нона і Ігар Баранавы. Ён загадчык, яна — урач агульнай практыкі Відзаўскай участковай бальніцы.

1З будучай прафесіяй абое вызначыліся яшчэ ў школьныя гады, таму мэтанакіравана ішлі ў медыцыну. А ў Віцебскім медуніверсітэце студэнты знайшлі сваё асабістае шчасце і на другім курсе згулялі вяселле. Пасля ардынатуры маладую сям’ю накіравалі тэрапеўтамі ў Відзы. Ураджэнка Браслава Нона добра ведала гэтае мястэчка, бо неаднойчы гасцявала тут у сваіх родных. Ды і Ігару прыгожы куточак адразу спадабаўся. Да таго ж кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства выдзеліла ім уласны дом. І Баранавы з жаданнем дапамагаць людзям акунуліся ў работу.

— На той час, — узгадвае Ігар Міхайлавіч, — Відзаўская бальніца была разлічана на 100 чалавек і мела некалькі аддзяленняў. Таму давялося адразу прымяняць свае тэарэтычныя веды ў розных накірунках. Але менавіта гэта і захоплівала.

Так маладым урачам з пачатку працоўнай дзейнасці давялося стаць універсальнымі спецыялістамі: весці прыём пацыентаў, прымаць роды, аперыраваць. У хуткім часе іх прафесіяналізм, міласэрнасць, уважлівыя адносіны да людзей дапамаглі заваяваць павагу і давер не толькі відзаўчан, але і жыхароў з суседняга літоўскага гарадка.

— Наш жыццёвы дэвіз, — кажа Нона Іванаўна, — адносіцца да людзей так, як бы ты хацеў, каб яны адносіліся да цябе.

За гады ўрачэбнай практыкі Баранавым прыйшлося пабачыць многае. Сярод хірургічных дасягненняў у Ігара Міхайлавіча — зашытае верхняе павека ў маладога мужчыны, а ў Ноны Іванаўны — вушная ракавіна ў дзяўчыны. І заўжды «дактарам ад Бога» прыходзілі на выручку іх глыбокія веды, майстэрства і інтуіцыя. За тры дзесяцігоддзі пад пільным наглядам урачоў вырасла многа мясцовых жыхароў. Медыкі ведаюць у твар усіх сваіх пацыентаў, памятаюць пра іх хваробы, не заглядваючы ў карткі. Гэтым і адрозніваецца сельскі ўрач агульнай практыкі ад гарадскіх калег — сапраўдны сямейны доктар. Ва ўсім урачы Баранавы ўзаемазамяняльныя. Едзе на чарговыя курсы павышаць кваліфікацыю Ігар Міхайлавіч — усё на Ноне Іванаўне. Жонцы трэба вучыцца — ён працуе за дваіх. Нават у адпачынку разам былі ўсяго некалькі разоў.

За доўгі стаж работы добрасумленныя спецыялісты ўрачэбнай справы неаднойчы адзначаны ганаровымі званнямі і граматамі розных узроўняў.

Сёння насельніцтва ў відзаўскай акрузе значна паменшылася і ў бальніцы ўсяго 17 ложкаў. Тым не менш штодзённа сюды ідуць людзі са сваімі хваробамі і праблемамі. І кожны з іх упэўнены, што вопытныя і сардэчныя ўрачы Нона і Ігар Баранавы абавязкова дапамогуць, падтрымаюць і дадуць надзею на выздараўленне.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *