Пастаянная чытачка раённай газеты — Галіна Мядзюха

Люди

Безумоўна, сёння існуе даволі шмат разнастайных спосабаў атрымаць інфармацыю. Адны глядзяць тэлевізар, іншыя «завісаюць» у інтэрнэце. Але, нягледзячы на сучасныя тэхналогіі, многія па-ранейшаму з цікавасцю гартаюць свежы нумар раёнкі.

1Вось і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ЦДіМ Галіна Мядзюха лічыць, што «Браслаўская звязда» з’яўляецца карыснай крыніцай неабходнай інфармацыі.

— Безумоўна, вельмі добра, — кажа Галіна, — што ў нас ёсць такая патрэбная газета. Чытаю з задавальненнем і заўсёды на яе старонках знаходжу нешта новае, цікавае і карыснае.

Знаёмства з «Браслаўскай», як і ў большасці маіх аднагодкаў, адбылося ў дзяцінстве, бо яна была абавязковым друкаваным выданнем у нашай сям’і. А цяпер сама выпісваю яе ўжо шмат гадоў. Раёнка не толькі дае магчымасць атрымаць звесткі пра жыццё і людзей Браслаўшчыны, але і значна дапамагае ў рабоце.

У першую чаргу звяртаю ўвагу на артыкулы, у якіх расказваецца пра работу нашага цэнтра. Да таго ж мы збіраем іх у асобную папку і выкладваем на наш сайт.

З прафесійным інтарэсам праз газету сачу за дзейнасцю іншых устаноў адукацыі і культуры. Не прапускаю ніводнага матэрыялу пра маладых спецыялістаў і іх захапленні, каб потым запрасіць цікавых людзей на сустрэчу з нашымі выхаванцамі.

Падчас адзінага дня інфармавання, які рэгулярна ў нас праходзіць, абмяркоўваем раённыя навіны, што друкуюцца ў выданні. Нягледзячы на тое, што ўсе супрацоўнікі нашай установы выпісваюць «Браслаўскую звязду», яе падшыўка заўсёды знаходзіцца ў даступным месцы і, калі спатрэбіцца, кожны мае магчымасць пагартаць яе старонкі.

Асабіста сама чытаю пра таленавітых людзей нашага краю, віншаванні, каб даведацца пра юбілеі знаёмых, не абыходжу ўвагай і рэкламу. Мне падабаецца багатая тэматычная «палітра» нашай газеты.

Напрыканцы сустрэчы Галіна Віктараўна пажадала калектыву рэдакцыі і далей знаходзіць разнастайныя актуальныя матэрыялы, каб раёнка заставалася цікавай і шматпланавай.

■ Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *