Жыццё і творчасць Яна Рыдзікі

Выставки Люди

Работа ў газеце зводзіць яе супрацоўнікаў з рознымі цікавымі людзьмі. Гэтая ж акалічнасць і паспрыяла сустрэчы з маім былым настаўнікам, самадзейным мастаком Янам Рыдзікам, які сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей. Яшчэ са школьных часоў ведала пра яго творчыя здольнасці, бо нярэдка разам з аднакласнікамі смяялася з карыкатур у насценнай газеце, у якіх адразу пазнаваліся нядбайныя вучні. Праз колькі гадоў з задавальненнем наведвала традыцыйныя музейныя выставы, абавязковым удзельнікам якіх з’яўляецца Ян Антонавіч, і яго персанальныя, што адбываюцца прыблізна праз пяць гадоў. І вось на днях завітала да мастака, каб распытаць таго пра жыццё ды творчасць.1

У ПАЧАТКУ ШЛЯХУ

З самага маленства Яна Рыдзіку прыцягвала маляванне. Гэта ў яго, відаць, ад бацькі, які спрабаваў сябе ў пейзажным жывапісе, размалёўваў дываны, цікавіўся разьбярствам, іграў на скрыпцы і ўдзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

— Тата і сталяркай займаўся, і печы мураваў, а вось як маляваў — я літаральна вісеў на плячах, — успамінае Ян Антонавіч. — Самы прыемны момант наставаў, калі на яго мальберце заставаліся фарбы і можна было на паперы намаляваць штосьці сваё.

Хлопец спрабаваў паступіць у мастацкае вучылішча, нават завёз дакументы і малюнкі. Ды на сямейнай радзе вырашылі, што не «пацягнуць»: быў 1955 год — дзясяты пасля вайны. І Я. Рыдзіка адбіў тэлеграму ў вучылішча, каб пераслалі назад дакументы. Тым часам 4 яго аднакласнікі паступалі ў Гродненскі сельскагаспадарчы інстытут, Ян далучыўся да іх і без усялякай падрыхтоўкі здаў тры ўступныя экзамены. З марай быццам развітаўся, але яна не адпускала, таму падчас вучобы ў Гродне наведваў студыю выяўленчага мастацтва. Там хлопца навучылі азам малюнка, далі накірунак, але жывапіс давялося спасцігаць самастойна.

ПАВАРОТ ЛЁСУ

Два гады Я. Рыдзіка працаваў аграномам на Гродзеншчыне, але адчуваў: паступленне на гэтую спецыяльнасць пры адсутнасці гаспадарчай жылкі было памылкай. У выніку вырашыў памяняць прафесію і пачаў выкладаць у школе.

— Працаваў на Мёршчыне ў невялікай школе, набіраўся вопыту і адчуваў сябе бадай ці не гор- шым настаўнікам Савецкага Саюза, — з усмешкай узгадвае Ян Антонавіч. — Калі ўладкаваўся на працу ў школу ў Барадзінічах, у рукі трапіў стары нумар часопіса «Біялогія ў школе», а затым у макулатуры знайшоў сапраўдны скарб — цэлую падшыўку. Кожны нумар «пералапаціў», рабіў выпіскі, складаў карткі. Ведаючы польскую мову, выпісваў з Польшчы прадметныя часопісы. Да таго ж завочна закончыў Віцебскі педагагічны інстытут і стаў паўнапраўным настаўнікам, выкладаў біялогію і хімію.

ВУЧЫЦЦА, ВУЧЫЦЦА І ВУЧЫЦЦА…

Такі ўжо характар у Яна Рыдзікі: ён ніколі не задавольваўся ні сваімі педагагічнымі ведамі, ні мастацкімі. Маляваць вучыўся літаральна ўсё жыццё. Падпісваўся на выданні па мастацтве на польскай і нямецкай мовах, запаўняў паліцы шматлікімі кнігамі. Усё гэта вельмі дапамагло ў творчасці. Цяпер жа Ян Антонавіч «сябруе» з камп’ютарам, з дапамогай якога знаходзіць неабходную інфармацыю. І хоць руку набіў за столькі гадоў, але чыста прафесійныя пытанні ўзнікаюць. Таму апошнім часам пачаў праяўляць цікавасць да англійскай мовы, каб лепш разумець перадачы, дзе замежныя мастакі даюць відэаўрокі.

— Акварэллю маляваў усё жыццё не ўмеючы, — кажа Ян Рыдзіка, — цяпер пачаў вучыцца.

ВЯЛІКІ СВЕТ ЗАХАПЛЕННЯЎ

Творчыя памкненні Яна Антоавіча не абмяжоўваюцца маляваннем. У 70-я гады ён захапіўся гравюрамі па лінолеуме — у Савецкім Саюзе тады быў сапраўдны бум на іх. Удзельнічаў у выставах, атрымліваў узнагароды. Дарэчы, і цяпер на паліцы ў майстра ляжыць напалову апрацаваны кавалак лінолеума: гэта будзе гравюра на зімовую тэматыку. У Мількаўскай школе настаўніку давялося выкладаць астраномію — і ён цэлымі начамі прападаў на гарышчы хаты, дзе ўстанавіў тэлескоп і назіраў за зорным небам. Пэўны час займаўся шахматамі. У адным з пакояў стаіць піяніна, на ім — ладны такі стос нот твораў кампазітараў-класікаў. Можна нават не пытацца, хто займаецца музыкай, — гэта яшчэ адно захапленне Яна Рыдзікі.

Матэрыяльным жа бокам жыцця, які не вельмі цікавіць мастака, у сям’і загадвае гаспадыня Соф’я Антонаўна. Былая настаўніца матэматыкі, яна робіць усе разлікі, размяркоўвае грошы і сочыць, каб захоплены чарговай карцінай муж не забываўся паесці.

ФАРБЫ І КОЛЕРЫ

Прыблізна з 80-х Ян Рыдзіка супрацоўнічае з мясцовым музеем: дзеліцца цікавымі матэрыяламі, дакументамі, удзельнічае ў выставах. Яго творы выстаўляліся ў розных гарадах Беларусі.

Амаль усе карціны, накіды Яна Антонавіча — гэта замалёўкі з натуры. Мастак умее ўбачыць прыгажосць у самых звычайных рэчах. Ён аб’ездзіў з эцюднікам увесь Браслаўскі раён і суседнія, малюе пераважна алеем. Спецыялісты кажуць, што моцны бок Я. Рыдзікі як мастака — колер. Калі ў гэтым годзе да Яна Антонавіча завіталі ў госці студэнты і выкладчыкі з акадэміі мастацтваў, то былі ўражаны багаццем спалучэнняў колераў, дакладнасцю іх суадносін, што ўласцівыя яго карцінам.

ТВОРЫ, ЗА ЯКІЯ НЕ СОРАМНА

Маецца ў Яна Рыдзікі, па яго словах, і пэўны комплекс. Гэта датычыцца ўзнагарод, да якіх ён абыякавы. Ды і да слова мастак у дачыненні да сябе скептычна адносіцца. Смяецца:

— Калі мяне так называюць, адразу думаю: а хто ж тады Рэмбрант?

Больш прыемная для яго станоўчая ацэнка спецыялістаў: паставіліся прыхільна мінскія выкладчыкі — ужо прыемна. Праўда, за жыццё прымеркаваўся, зразумеў: добры майстар ці дрэнны, але ўжо які ёсць, са сваім почыркам, манерай. Ёсць у Яна Антонавіча мара — намаляваць карціну, за якую не будзе сорамна. Пакуль, кажа, усміхаючыся, такой яшчэ няма.

— Я адышоў ад прымітыву і не дабраўся да прафесіяналізму. Не хапае ўпэўненасці, увесь час у сумненнях. Праўда, Леанарда да Вінчы казаў: «Хто не сумняваецца, той малога і дасягне». Думаю, лепшыя карціны яшчэ наперадзе.

■ Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *