1

Адзін з лепшых механізатараў ААТ «Бярозавы край» Мікалай Кандрацьеў

Люди Экономика и финансы

Са сваёй будучай прафесіяй маладыя людзі вызначаюцца па-рознаму: адны бяруць прыклад з бацькоў, другія — з любімых настаўнікаў, трэція арыентуюцца на памкненні душы. А вось адзін з лепшых механізатараў ААТ «Бярозавы край» Мікалай Кандрацьеў лічыць, што да яго выбару, як і многіх хлопцаў-аднавяскоўцаў, меў непасрэднае дачыненне тагачасны старшыня калгаса імя Фрунзе Вячаслаў Шляга.1

— Мы свае першыя грошы ў калгасе пачыналі зарабляць пасля заканчэння другога класа, — успамінае механізатар. — Вячаслаў Васільевіч на час уборкі лічыў абавязковым даць нам работу на зернетаку. Акрамя таго, як падмесці пляцоўку ці ворахасушылку, мы на большае і здольныя не былі, ды, думаю, і карысці вялікай не прыносілі. Але ж колькі радасці было — афіцыйна лічыліся на рабоце! А пасля заканчэння чацвёртага класа ўсе вясковыя хлопцы ўжо хадзілі ў памочніках камбайнераў, што выклікала асаблівы гонар. Мы ўвогуле ў час летніх канікул ніколі не выпадалі з поля зроку старшыні, ён заўсёды імкнуўся знаходзіць нейкую работу. Пры тым, калі яна была падзённай, то па заканчэнні адразу ж атрымлівалі заробленыя грошы. Таму мы надта і не задумваліся, кім стаць. Большасць з нас пасля школы заканчвала Відзаўскае вучылішча і вярталася ў родны калгас.

Не стаў выключэннем і Мікалай. Свой працоўны шлях у калгасе імя Фрунзе пачынаў вадзіцелем, затым быў трактарыстам. І з першага года ў час жніва садзіўся за руль камбайна. На «Енісеі» правёў 11 уборачных. Цяпер жа збожжа ўбірае на КЗС-1218, а ўвесь астатні час года кіруе «Амкадорам». Для гэтага агрэгата ў гаспадарцы заўсёды знаходзіцца работа. У час зімовастойлавага ўтрымання жывёлы механізатар займаецца пагрузкай кармоў, чысціць прыфермскія тэрыторыі. Як і ў большасці гаспадарак, «Амкадор» круглы год — гэта яшчэ і пад’ёмны кран, планіроўшчык, скірдавальнік, таму без работы М. Кандрацьеў ніколі не застаецца і выконвае яе бездакорна.

Ёсць у працоўнай біяграфіі Мікалая і яшчэ адзін адметны пункт — праца на цалінных землях. Зразумела, што ён не з тых цаліннікаў, якія ў 50-я гады асвойвалі бяскрайнія прасторы казахстанскіх стэпаў, бо тады яшчэ нават і не нарадзіўся. Трапіў туды на ўборку ўраджаю ў 1992 годзе.

— У Беларусі тое лета выдалася засушлівым, — расказваў механізатар. — Уборку ўжо закончылі ў першыя дні жніўня, бо малаціць не было чаго. І такая абстаноўка была ва ўсёй рэспубліцы. У сувязі з гэтым па дамоўленасці тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета з Прэзідэнтам Казахстана ў маладой суверэннай рэспубліцы і высадзіўся дэсант беларускіх камбайнераў. З нашага раёна камандзіравалі 6 чалавек. Два месяцы мы малацілі пшаніцу, якую вагонамі адпраўлялі ў нашу рэспубліку. Слаўная там уборка: прасторы неабсяжныя, камянёў няма, як няма і палегліцы, не тое, што ў нас. Але ж у гэтым плане нічога не зменіш, і нам трэба працаваць тут, бо гэта наша родная зямля.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

2 комментария для “Адзін з лепшых механізатараў ААТ «Бярозавы край» Мікалай Кандрацьеў

  1. Забыли спросить, доволен ли зарплатой?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.