ПРА ШТО ПІСАЛА «БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА» 50 гадоў таму назад (кастрычнік 1967-га)

Калейдоскоп

ГОРАЧА АДАБРАЕМ

IMG_4937Як толькі прыйшлі газеты з пастановай Пленума ЦК КПСС аб мерах па далейшым павышэнні дабрабыту савецкага народа, работнікі раённага вузла сувязі сабраліся на мітынг, каб пазнаёміцца з яе зместам. Затым тав. Бароўка аб’явіла, што, згодна з рашэннем Пленума, з 1 студзеня 1968 года 115 рабочым і служачым арганізацыі месячныя аклады павышаюцца да 60 рублёў. Гэтыя словы патанулі ў буры апладысментаў і галасах гарачага адабрэння.

АД ПРОСТАЙ МАДЭЛІ ДА СКЛАДАНАГА АГРЭГАТА

Відзаўскае сельскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча заснавана ў 1954 годзе. За невялікі тэрмін працэс навучання ў ім непазнавальна змяніўся. Калі раней там быў толькі адзін трактар ды некалькі глебаапрацоўчых машын, то цяпер ёсць уся сучасная тэхніка. Акрамя гаражоў ды майстэрні, навучэнцы могуць убачыць і памацаць рукамі дэталі і розныя механізмы ў вучэбным корпусе, які застаўлены мадэлямі і нагадвае выстаўку работ умельцаў.

АДПРАВІЛІСЯ Ў ТУРЫСЦКУЮ ПАЕЗДКУ

Днямі з Віцебска адышоў экскурсійны цягнік. На ім робяць турысцкую паездку 20 чалавек з нашага раёна. Сярод іх механік калгаса «Прагрэс» Іван Кароль, трактарыст калгаса «Рассвет» Уладзімір Бэйнар, даяркі калгаса «Уперад» Багуміла Сінкевіч і Юзэфа Баярун і іншыя. Экскурсанты наведаюць гарады Мінск, Кіеў, Харкаў, Херсон, Адэсу і Севастопаль.

ДЗЯРЖАЎНАЯ І ПРАЦОЎНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА

Большасць рабочых, служачых і калгаснікаў нашага раёна лічаць сваім абавязкам строгае і няўхільнае захаванне працоўнай дысцыпліны. Аднак ёсць асобныя людзі, у свядомасці якіх жывучыя перажыткі мінулага. Так, нядаўна члены калгаса імя Чкалава М. і К. арганізавалі ў рабочы час п’янку, а потым на калгасным двары брыдкасловілі, зневажалі людзей, перашкаджалі ім працаваць. Вінаватыя пакараны за дробнае хуліганства.

ПРЫЙШЛІ Ў ВЁСКУ НОВЫЯ ПРАФЕСІІ

IMG_4938Непазнавальна змянілася жыццё сучаснай вёскі, іншым стаў быт сельскіх працаўнікоў, у які трывала ўвайшлі радыё, тэлевізар, газ. Таму і не выпадкова, што вяскоўцы асвойваюць новыя прафесіі. Напрыклад, у сельгасарцелі «Праўда» электрык Казімір Баравік вучыцца завочна ў Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі і электрыфікацыі, а Яўген Яновіч скончыў па накіраванні праўлення калгаса адпаведныя курсы і працуе слесарам па ўстаноўцы газавых пліт.

МОВАЙ ЛІЧБАЎ

На калгасных і саўгасных палях раёна працуюць 593 трактары, 171 камбайн, у гаспадарках ёсць 338 аўтамашын. На жывёлагадоўчых фермах налічваецца 29 990 галоў буйной рагатай жывёлы, 20 240 — свіней, 3 167 — авечак. У калгасе «Шлях Леніна» ёсць буйная птушкаферма, на якой трымаюць 7 680 курэй. За апошнія два гады здадзены ў эксплуатацыю 15 кароўнікаў, 12 цялятнікаў, 11 свінарнікаў, 8 збожжасховішчаў, 26 механізаваных зернетакоў.

ХРОНІКА ПАРТЫЙНАГА ЖЫЦЦЯ

Пры партыйнай арганізацыі райспажыўсаюза дзейнічае агіткалектыў, які налічвае ў сваіх радах 14 агітатараў. Яны рэгулярна выступаюць перад работнікамі спажывецкай кааперацыі: праводзяць гутаркі па Тэзісах ЦК КПСС «50 год Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», рашэннях Пленума ЦК і ўказах Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР па далейшым паляпшэнні дабрабыту савецкага народа, чытаюць лекцыі пра сітуацыю на міжнароднай арэне.

БУДАЎНІЦТВА ШКОЛЫ ЗАВЕРШАНА

Добры падарунак атрымалі навучэнцы браслаўскай сярэдняй школы імя А. М. Жданава. Ужо здадзены ў эксплуатацыю трохпавярховы будынак па вуліцы Садовай. У новым школьным памяшканні цяпер займаюцца вучні 5 — 10 класаў.

ЗАДАВОЛІЛІ ПАТРЭБЫ ПАКУПНІКОЎ

Выстаўка-продаж галантарэйных тавараў была праведзена ў раённым універмагу. Наведвальнікаў чакаў шырокі выбар — многа адэкалону і духоў розных відаў, прыгожых жаночых касынак, карункавых палотнаў. Па словах прадаўца Яўгеніі Малашэнка, аддзел у гэты дзень прадаў розных тавараў у чатыры разы больш, чым звычайна.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.