Браслаўчане падзяліліся ўражаннямі ад восеньскага кірмашу

Калейдоскоп

У сваім артыкуле «Імгненні восеньскага кірмашу», надрукаваным у мінулым нумары «Браслаўскай звязды», я абяцаў чытачам падзяліцца ўражаннямі прадаўцоў і пакупнікоў пра гэтае штогадовае кастрычніцкае мерапрыемства. Знаёмцеся з імі, калі ласка.

1Марына КАТОВІЧ, галоўны бухгалтар ААТ «Мяжаны»:

— У гаспадарцы працую два гады. На кірмаш жа трапіла ўпершыню, ды яшчэ ў якасці прадаўца. Праўда, пад наглядам вопытнага ў гэтай справе настаўніка — галоўнага агранома Уладзіміра Сайкоўскага — з новымі абавязкамі асвоілася хутка. Гандаль ідзе бойка, пакупнікі ветлівыя і добразычлівыя.

На продаж прывезлі збожжа, фарш, сыры і тварог хатняга вырабу, мяса трусоў і жывы маладняк. Вельмі прыемна, калі людзі адыходзяць ад прылаўка, задаволеныя пакупкамі. Думаю выбраць хвілінку, каб прайсціся па гандлёвых радах, нешта купіць, да таго ж маю латарэйны білет — а мо што і выйграю. Карацей, уражанні самыя што ні на ёсць станоўчыя.

Раіса і Раман БАБУЛІ, г. Браслаў:

4— На кірмаш прыходзім кожны год, у любое надвор’е. Але паколькі самі займаемся агародніцтвам, то на зіму зрабілі шмат запасаў з уласных «сотак». Пакупкі робім толькі ў магазінах СВК «Маяк Браслаўскі». Вось і сёння купілі каўбас, фаршу, вяндліны. Прадукцыя смачная і якасная, да таго ж прадаецца са скідкай у 15 %.

Ніколі не прамінаем забаўляльнай праграмы: вясёлая і цікавая, нават у гульні паўдзельнічалі. Цяпер чакаем розыгрышу латарэі. Нягледзячы на тое, што білетаў не маем, парадуемся за тых, хто выйграе. Абавязкова пачастуемся і юшкай Відзаўскага каледжа — гэта для нас ужо своеасаблівы рытуал на восеньскім кірмашы.

Іосіф САДОЎСКІ, г. Браслаў:

6— Кожную восень на сельгаскірмашы запасаюся бульбай. Звычайна гародніны хапала сваёй, аднак сёлета агарод вымак. Таму купіў цыбулі, морквы, буракоў і бульбы. Адвёз дамоў, ды напарнік, які сёння на змене, папрасіў прывезці зерня. Загрузіў у машыну, цяпер вось вырашыў прагуляцца па гандлёвых радах, мо яшчэ нешта набуду.

А яшчэ заўважыў такую акалічнасць: кожны год на кірмашы сустракаю знаёмых, якіх даўно не бачыў. Таму для мяне гэтае мерапрыемства яшчэ і своеасаблівае месца спаткання і зносін. Шкада, што кірмаш праводзіцца толькі раз у год.

Таццяна ПЯТРОВА, бухгалтар фермерскай гаспадаркі «Запружаны»:

3— Сваю прадукцыю — сазаноў і карпаў — на продаж прывезлі першы раз, каб вывучыць попыт на іх. Усяго мелі 100 кілаграмаў. Скажу, што жывая рыба разыходзіцца хутка. Гандлюем не больш за 2 гадзіны, а палову ўжо прадалі.

Нашы сазаны і карпы раслі не на камбікорме, а на натуральных кармах. Таму, думаю, браслаўчане адчуюць смакавыя якасці нашай рыбы і стануць пастаяннымі кліентамі.

Дарэчы, кіраўнік фермерскай гаспадаркі Сяргей Скарадзёнак перадаў у фонд розыгрышу 3 сертыфікаты на сваю прадукцыю, якую ўладальнікі выйгрышных білетаў змаглі тут жа і атрымаць.

Уладзімір ДРУСЬ, г. Браслаў:

2— Нягледзячы на тое, што цяпер у магазінах круглы год можна купіць бульбу, гародніну, аднак па шматгадовай звычцы ўсім неабходным на зіму запасаюся толькі на восеньскім кірмашы. Імкнуся купляць у прыватнікаў і ў нашых сельгаспрадпрыемстваў, лічу, што вырашчанае на браслаўскай зямлі больш смачнае, без нітратаў. Бо хто ведае, якія падыходы прымяняюць у гаспадарках, дзе гародніна вырошчваецца ў вялікіх аб’ёмах. Зразумела, я не сцвярджаю, што прывезеная з паўднёвых раёнаў капуста ці морква горшая, з «хіміяй», аднак такі я ўжо чалавек: люблю наша, браслаўскае.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.