Пад асаблівым кантролем адзінокія жыхары і шматдзетныя сем’і

Калейдоскоп

Цэнтральная сістэма ацяплення запрацавала амаль два тыдні таму назад. Але ж 1толькі невялікая частка насельніцтва нашага раёна мае такую выгоду. Многім, асабліва сельскім жыхарам, па-ранейшаму трэба паклапаціцца загадзя, каб у іх хатах было цёпла. На жаль, бяспека часта саступае месца камфорту і, каб сагрэцца, домаўладальнікі пачынаюць карыстацца няспраўнымі электрапрыборамі і печамі, грэбуючы простымі правіламі. І хоць па факце ацяпляльны сезон ужо настаў, рэйдавыя групы зацікаўленых службаў раёна працягваюць праверкі па падрыхтоўцы да зімы.

Пад асаблівы кантроль пажарных, газавікоў, супрацоўнікаў сацыяльнай службы і аддзела адукацыі ў першую чаргу трапляюць адзінокія жыхары, у тым ліку састарэлыя, інваліды, нядобранадзейныя грамадзяне і шматдзетныя сем’і. Менавіта гэтыя катэгорыі часцей за ўсё знаходзяцца ў зоне рызыкі і, што насцярожвае, пераважна па сваёй віне.

Рэйдавыя групы ўжо праверылі дзясяткі вёсак раёна. На мінулым тыдні ў полі зроку зацікаўленых службаў была богінская акруга. Аднак не ўсе домаўладальнікі былі рады прыходу гасцей. Ведаючы свае недахопы і здалёк заўважыўшы рэйдавую групу, многія загадзя вешаюць на дзверы замок, тым самым яшчэ больш падрываючы да сябе давер.

Домаўладанні 13 жыхароў праверыць усё ж такі ўдалося, але і там меліся свае нюансы. Ва ўсіх дамах было цёпла, рэйдавую ж групу цікавіла, якім чынам. У першым доме праблемы бачны адразу: печка патрабуе яўнага рамонту, пажарнага апавяшчальніка няма. Другая печка ў іншым пакоі больш-менш у парадку, але непасрэдна каля яе гаспадары сушаць дзіцячыя рэчы, што па пажарных правілах рабіць не варта. Сацыяльная служба цікавіцца сваімі пытаннямі: колькі чалавек жыве ў доме, ці патрэбна якая-небудзь дапамога, як даглядаюцца дзеці.

Калі рэйдавая група завітала яшчэ да аднаго богінца, які жыве адзін, то ўтрыманне дома, стан газавага і пячнога абсталявання нараканняў не выклікалі. Аднак гаспадар пры размове з намі нават у хаце не выпусціў з рук цыгарэту. Хочацца спадзявацца, што мужчына забыўся яе выкінуць на двары, адкуль яго паклікалі, і не курыць у хаце, падвяргаючы сябе небяспецы.

На жаль, многія грамадзяне не зусім разумеюць прызначэнне пажарнага апавяшчальніка. Некаторыя проста грэбуюць яго ўстаноўкай, іншыя спасылаюцца на дарагавізну, не разумеючы, што даражэйшага за жыццё ўласнае і сваіх дзяцей няма нічога. Але ў гэтым плане былі і станоўчыя прыклады. А аднаму з гаспадароў падчас візіту рэйдавай групы сацработнік прынесла прыбор на дом, дзе супрацоўнік РАНС яго і ўстанавіў.

Яшчэ адзін жыхар на момант праверкі шчыра рыхтаваўся да зімы: бяліў печку.

Па выніках рэйду грубых парушэнняў не выяўлена. Відавочна, у людзей ёсць разуменне, што рыхтавацца да халадоў патрэбна, толькі некаторым думаць пра гэта неабходна было значна раней.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара