АБАЯЛЬНЫ ЎРАЧ анестэзіёлаг

Люди

Бясспрэчна, накірунак «анестэзіялогія-рэаніматалогія» ў медыцыне лічыцца 3самым складаным і адказным, бо ўрач адключае свядомасць пацыента, блакіруе яго балявыя імпульсы, а пасля аперацыі літаральна вяртае да жыцця. І далёка не кожны возьме на сябе такія сур’ёзныя абавязкі.

Але ўрач-рэаніматолаг, загадчык рэанімацыйнага аддзялення Браслаўскай ЦРБ Іна Вашкевіч на шостым курсе Віцебскага медуніверсітэта ўпэўнена выбрала менавіта гэтую спецыялізацыю. І ўжо некалькі гадоў на плячах гэтай абаяльнай дзяўчыны ляжыць адказнасць за жыццё і здароўе многіх пацыентаў раённай бальніцы.

Любая аперацыя — гэта работа цэлай каманды, дзе кожны адказвае за свой фронт і ад кожнага залежыць канчатковы поспех. А вось падрыхтаваць пацыента да яе — справа анестэзіёлага. Ён вывучае гісторыю хваробы, аналізы, кардыяграму, стан здароўя, каб правільна выбраць патрэбны від і працягласць анестэзіі. Асабліва складана, адзначае І. Вашкевіч, калі аперацыя экстранная, бо часу для падрыхтоўкі пацыента вельмі мала, а значыць, рызыка непрадбачаных сітуацый узрастае. На працягу ўсёй аперацыі анестэзіёлаг уважліва сочыць за станам аперыруемага, яго ціскам, дыханнем, самаадчуваннем.

— Правільна выбраная і паспяхова праведзеная анестэзія, — кажа І. Вашкевіч, — залог хуткага і спрыяльнага пасляаперацыйнага перыяду.

Без трывалага ўнутранага стрыжня, упэўнена яна, у гэтай прафесіі не абысціся, да таго сваім памочнікам трэба надаваць эмацыянальную раўнавагу, а блізкім хворага — упэўненасць у станоўчым выніку.

Зразумела, пры такой маральнай напружанасці арганізму трэба пераключацца на больш пазітыўную хвалю. Зняць стрэс І. Вашкевіч дапамагаюць заняткі валейболам і танцамі.

Медыцынскія тэхналогіі пастаянна развіваюцца. Абсталяванне становіцца складанейшым, а тым самым больш камфортным для пацыентаў. На сённяшні дзень у нашай бальніцы ёсць наркознаыхальны апарат для аказання меддапамогі і немаўлятам. Дарэчы, ён адзіны ў раённых установах аховы здароўя ў вобласці. Складаная апаратура патрабуе ад урача яшчэ і тэхнічных навыкаў, а значыць, ён павінен удасканальвацца і ў гэтым накірунку.

— Безумоўна, — рэзюмуе ўрач, — мая праца звязана са значнымі фізічнымі і маральнымі нагрузкамі, са стрэсам. Але складанасці ёсць у любой прафесіі. І ніколькі не шкадую, што стала анестэзіёлагам, бо люблю сваю работу і шчаслівая, што дапамагаю людзям.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.