Былі і трафейныя экземпляры на спаборніцтве «Браслаўскі спінінг»

Акции, конкурсы, выступления Здоровье Калейдоскоп Новости Отдых

У суботу на турыстычнай стаянцы «Окменіца» яшчэ зацемна было ажыўлена: судзейская калегія РФСК «Дрывяціч» рыхтавалася да адкрыцця традыцыйных восеньскіх спаборніцтваў па спартыўнай лоўлі рыбы «Браслаўскі спінінг», а нецярплівыя рыбаловы-аматары адзін за адным на ўласных плаўсродках падыходзілі да агульнага месца збору.1

Апошняя зверка ўдзельнікаў з пратаколам спаборніцтваў, кароткі інструктаж наконт умоў спартыўнага рыбалоўства — і 12 каманд выходзяць на прасторы возера Струста ў пошуках сваёй шчупаковай удачы.

Бадай, толькі для суддзяў на некалькі гадзін замёр час, спінінгісты ж упарта пераходзілі з месца на месца, выпрабоўвалі розныя глыбіні, мянялі штучныя прынады. І кожны з іх, безумоўна, да самага апошняга моманту не губляў надзеі адчуць на гібкім кончыку спінінга такі знаёмы штуршок, які праз імгненне хвалямі запаўняе ўсё цела і прымушае часцей біцца сэрца.

Восеньскае надвор’е ў гэты дзень якраз да абеду садзейнічала рыбаловамаматарам, таму ніхто з іх і не спяшаўся на бераг раней вызначанага часу.2

Калі ж прыйшла пара падводзіць вынікі «Браслаўскага спінінга», не ўсе падплывалі да агульнага месца збору з аднолькавым настроем. Яно і зразумела, бо рыбацкае шчасце не заўжды ўсміхаецца і сапраўдным прафесіяналам. Падыходзілі і лодкі, вакол якіх з непадробным захапленнем збіраўся натоўп. Даходзіла амаль да закладу наконт вагі трафейнага экзэмпляра.

Пакуль судзейская калегія праводзіла ўзважванне, падсумоўвала вынікі і афармляла дыпломы пераможцам, у аматараў актыўнага адпачынку хапіла часу, каб падзяліцца атрыманымі падчас рыбалкі эмоцыямі пад гарачую духмяную юшку, якую прыгатавалі супрацоўнікі РФСК «Дрывяціч» з рыбы, што напярэдадні прапанаваў для агульнага стала адзін з удзельнікаў спаборніцтва Антон Паўловіч.3

Увогуле ж героем «Браслаўскага спінінга» сёлета без сумненняў можна лічыць Аляксандра Шышко. Сумесна з Аляксандрам Еўдакімавым ён перамог у камандным першынстве з агульнай вагой злоўленай драпежнай рыбы 10 кг 560 г. І трафейны экзэмпляр (8 кг 930 г) з водных глыбінь вывудзіў таксама ён.4

А вось па колькасці галоў бліснуў на гэты раз рыбацкім майстэрствам Юрый Леўша: ён заблясніў 7 шчупакоў і разам з Леанідам Аніськам заняў 3-е месца ў складзе каманды «Меліярацыя-1». Іх агульны ўлоў склаў 7 кг 130 г. А другое месца ў складзе каманды «ЖКГ» па праве дасталося Мікалаю Матрунёнку і Валерыю Шалыгу — 9 кг 510 г.6

Галоўны суддзя спаборніцтваў Валерый Дарафейчык ад імя раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму ўручыў пераможцам «Браслаўскага спінінга» кубкі і памятныя падарункі, а таксама дыплом Алене Агапотавай — адзінай жанчыне, што імкнулася злавіць шчупаковую ўдачу нараўне з мужчынамі. Да віншаванняў суддзі далучыўся і індывідуальны прадпрымальнік Максім Левянкоў, прычым не без сувеніраў ад магазіна «Паплавок».7

Завяршыліся спаборніцтвы на яшчэ адной прыемнай ноце. Прадстаўнік ДПУ НП «Браслаўскія азёры» Уладзімір Пяткевіч заўважыў, што на «Браслаўскі спінінг — 2017» можна паглядзець як на генеральную рэпетыцыю перад «Трафеем — 2017». Па дамоўленасці з кіраўніцтвам нацыянальнага парка спінінгавую лоўлю рыбы з лодак на азёрах Струста і Снуды 21 і 22 кастрычніка арганізуе Беларускі рыбалоўны інтэрнэт-клуб (БРІК). У спаборніцтвах такога кшталту прымуць удзел як спартсмены самага высокага ўзроўню (чэмпіёны краіны, віцэ-чэмпіёны свету, майстры спорту), так і аматары. Прычым у апошніх, зазначыў Уладзімір Пяткевіч, таксама добрыя шансы на поспех. Бо ў адных у арсенале значыцца тэхніка і тактыка, а ў другіх — веданне вадаёма і ўласная манера лоўлі буйной рыбы. А вынікі «Браслаўскага спінінга» якраз і паказалі, што ў мясцовых аматараў ёсць усе падставы, каб пазмагацца з прафесіяналамі за галоўны прыз у намінацыях «Трафейны шчупак» і «Трафейны акунь».5

■ Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара