У Браславе прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш

Калейдоскоп Новости

Яшчэ ў пятніцу мінулага тыдня здавалася, што назначаны на суботу традыцыйны восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш можа сарваць дождж. Аднак надвор’е злітавалася з браслаўчан і кожны, хто жадаў, змог не толькі папоўніць на зіму запасы, а і адпачыць пад цудоўныя песні работнікаў культуры, прыняць удзел у вясёлых гульнях.11

Нягледзячы на тое, што афіцыйна гандлёвыя рады пачыналі працаваць з 8-мі гадзін, яшчэ да адзначанага часу ўзбочыны дарогі на добрую сотню метраў ужо былі застаўлены легкавымі аўта- мабілямі, а самыя раннія пакупнікі загружалі іх багажнікі і салоны дарамі палёў.

Як і ў папярэднія гады, асноўным пастаўшчыком сельгаспрадукцыі стаў райспажыўсаюз, які дзеля зручнасці людзей адкрыў адразу 10 гандлёвых кропак. Як паведаміла выконваючая абавязкі старшыні праўлення Людміла Бабенка, узначальваемая ёй арганізацыя паставіла на кірмаш 20 тон капусты, 15 — бульбы, па 5 т морквы, буракоў і зерня, 6 — цыбулі. Акрамя гэтага, у асартыменце былі яблыкі, часнок, журавіны, каліна і чорная рабіна, агуркі ўласнай засолкі і квашаная капуста, вырабы кандытарскага цэха, мясныя прадукты.12

Відзаўскі каледж вырашчаную на палетках вучэбнай гаспадаркі прадукцыю прадаваў у шасці гандлёвых кропках. Наведвальнікам кірмашу таксама прапаноўвалі гарачыя стравы і свежую юшку.10

Не засталіся ўбаку і нашы сельгаспрадпрыемствы, якія ўсе без выключэння прывезлі на продаж прадукцыю палёў і ферм.

Зразумела, па асартыменце ніхто не мог параўнацца з «Маяком Браслаўскім», які, як і заўсёды, паставіў удосталь мясных вырабаў, прычым прадаваліся яны з 15-працэнтнай скідкай.

Гандлёвая кропка ААТ «Друйскі» была адзіным месцам, дзе можна было купіць бараніну, а ў ААТ «Мяжаны» — трусяціну і жывых трусоў.9

У апошнія гады асаблівы каларыт у фарбы восеньскага кірмашу ўносяць установы адукацыі раёна. Зразумела, што з прышкольных участкаў не прывязеш на продаж машыну агародніны: не тыя аб’ёмы яе вырошчвання. Затое з якім густам педагогі афармляюць свае гандлёвыя месцы! У гэтым іх фантазіі можна толькі пазайздросціць.13

Яшчэ адным упрыгажэннем сёлетняга кірмашу стаў розыгрыш латарэі, галоўным «трафеем» якой быў бычок. Арганіза- тары, дарэчы, пайшлі па шляху небяспройгрышнай латарэі, што дало магчымасць разыграць даволі сур’ёзныя падарункі. Усяго ж было падрыхтавана каля 90 прызоў: парфума, вырабы нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў, жывыя карпы, зерне, бульба, гародніна і нават парачка трусянят.16

Амаль гадзіну работнікі цэнтра культуры трымалі ў напружанні не толькі ўладальнікаў латарэйных білетаў, а і шматлікіх наведвальнікаў кірмашу. Кожнаму было цікава даведацца, хто выйграе галоўны прыз.

Урэшце падышла чарга двух апошніх шчаслівых білетаў. Трусянят выйграла браслаўчанка Ірына Лукша. А вось бычок дастаўся спецыялісту філіяла «Беларусбанка» Вераніцы Ракіцкай. Праўда, як прызналася ўладальніца прыза, выйгрыш не азначае, што бычок дастаецца менавіта ёй. Білеты былі набыты, што называецца, у складчыну ўсім аддзелам, таму і лёс жывёлы будуць вырашаць разам.15

А гандаль тым часам працягваўся. І ішоў ён даволі бойка. Меркаванне гэта пацвярджае прыклад ААТ «Агравідзы». На кірмаш з гаспадаркі прывезлі 100 кг фаршу, 50 — выразкі ялавічыны, лівер, языкі, капусту, бульбу, моркву, ячмень, пшаніцу, буракі, насенне канюшыны. І ўжо на пачатку 12-й гадзіны ўсё было распрададзена.

Не менш паспяхова разыходзіўся тавар і ў іншых гандляроў. Не засталіся ў накладзе і пакупнікі. Кожны з іх змог набыць тое, дзеля чаго і ішоў у Леснічоўку.14

Водгукі ж прадаўцоў і пакупнікоў пра сёлетні кірмаш чытайце ў наступным нумары «Браслаўскай звязды».

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.