Адразу некалькі ўзнагарод атрымалі работнікі культуры Браслаўшчыны

Калейдоскоп

2Работнікі культуры Браслаўшчыны не раз пацвярджалі свой высокі прафесійны ўзровень на розных мерапрыемствах. Вось і гэты тыдзень азнаменаваўся для нашых культработнікаў прыемнай навіной. На ўрачыстым сходзе ў Віцебску, прысвечаным Дню работнікаў культуры, і адкрыцці абласной выставы арыгінальных снапоў і караваяў Браслаўскі раён адзначаны адразу чатырма дыпломамі.

Так, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» ўзнагародзілі Браслаўскі раён дыпломам за 3 месца ў абласным конкурсе тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці ў рамках ХХVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Высока ацанілі ў вобласці і ўклад нашага раёна ў захаванне нацыянальных традыцый падчас абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ў Дуброўна «Дажынкі — 2017». Два дыпломы Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў былі ўручаны раёну — за 1 месца ў конкурсным праекце «Дажыначны сноп» і за 2 месца ў конкурсным праекце «Дажыначны каравай». А за высокі ўзровень прадстаўлення рэгіёну ў творчым праекце «Віцебшчына фестывальная» ў межах «Дажынак — 2017» наш раён быў яшчэ адзначаны і дыпломам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Гэтыя ўзнагароды сталі цудоўным падарункам да Дня работніка культуры і яшчэ раз пацвердзілі, што на Браслаўшчыне працуюць таленавітыя і творчыя людзі.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.