На мокрых палях механізатары ўмудраюцца збіраць хоць і не вельмі важкі, але ўсё ж такі ўраджай

Деньги

2Неспрыяльныя ўмовы надвор’я, асабліва нізкія тэмпературы паветра практычна з мая па верасень, моцна паўплывалі сёлета на рост і развіццё кукурузы ў нашым рэгіёне. Калі летась ураджайнасць гэтай культуры складала ў раёне ў сярэднім 250 ц/га, то сёлета напалавіну менш. А пераўвільгатненне паветра і глебы як стрымлівала тэмпы жніва збожжавых, парушала планы сяўбы азімых, так і ўскладняе ўборку кукурузы.

У ААТ «Слабодка-агра» гэту культуру трэба сабраць з плошчы 300 га (найбольшыя аб’ёмы толькі ў «Друйскім»). І хоць у акцыянерным таварыстве пачалі касіць яе, бадай, ці не самымі першымі ў раёне, але па стане на 5 кастрычніка паспелі здрабніць на сілас на плошчы 181 га (60,3 %), у той час як летась на тую ж дату ў гаспадарцы было ўбрана ўжо 70 % пасеянай плошчы, прычым пры ўраджайнасці, якая перавышала сёлетнюю больш чым у 2 разы.

Тэмпы касьбы стрымлівае макрата. Яна ж вымушае паўторна вяртацца на адно і тое ж поле. Калі, напрыклад, у аўторак з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Пятром Карандзеем пешшу дабіраліся да канчатковага ўчастка ўборкі каралевы палёў ва ўрочышчы за в. Луні (на машыне не праедзеш), каб сфатаграфаваць вадзіцеля корманарыхтоўчага камбайна Міхаіла Аўсюкевіча, аграном між іншым заўважыў, што з-за вымачак касьба завяршаецца тут толькі з трэцяй спробы.

А я, з цяжкасцю перастаўляючы ногі па гразкай глебе і пазіраючы наўкол на водныя люстэркі пасярод нівы, не пераставаў здзіўляцца, як па такім месіве механізатары ўмудраюцца збіраць хоць і не вельмі важкі, але ўсё ж такі ўраджай.

1
Міхаіл Аўсюкевіч, нягледзячы на непагоду, паспявае за дзень нарыхтоўваць па 150 т кукурузы.

Міхаіл Аўсюкевіч раней прасаваў у гаспадарцы сена, салому, займаўся хімпраполкай і ўнясеннем арганікі. Але прыйшоў час, калі кіраўніцтва акцыянернага таварыства даверыла яму больш складаную тэхніку на змену сталым таварышам-механізатарам. На корманарыхтоўчым камбайне КВК-800 Міхаіл другі год нарыхтоўвае кармы для грамадскага статка: з пачатку чэрвеня дзе са жняяркай, дзе з падборшчыкам збірае травы, а восенню косіць і здрабняе кукурузу.

— Насуперак капрызам надвор’я ў хлопца добра атрымліваецца весці корманарыхтоўку, бо сапраўды стараецца, — разважае ўмудроны вопытам Пётр Карандзей.

Па прагнозах галоўнага агранома, сельгаспрадпрыемства, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, павінна ўсё ж такі назапасіць на зімовастойлавы перыяд 25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Хоць гэта і менш за ўзровень мінулага года, але дастаткова, каб да вясны збалансавана карміць грамадскі статак.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.