1025-годдзе Полацкай епархіі – не проста юбілей царквы. Гэта юбілей беларускай спадчыны

Актуальное Калейдоскоп

1Такое меркаванне выказаў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій падчас прэс-канферэнцыі з нагоды значнай даты.

Пры гэтым правячы архіерэй паставіў падзею ў адзін рад з 1155-годдзем Полацка і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. «Адметна, што за стагоддзі зніклі цэлыя дзяржавы і нацыі, іншым увогуле яшчэ толькі па 300-400 гадоў, а наш Полацк і яго духоўная спадчына прайшлі праз вякі і працягваюць развівацца», — адзначыў уладыка. І горад можна па праве лічыць калыскай беларускай духоўнасці, адукацыі, пісьменства, іканапісу, дойлідства, дабрадзейнасці і нават палітыкі. Тут, па меркаванні архіепіскапа Феадосія, вытокі нашай нацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Звязваючы ж паміж сабой юбілеі епархіі і пісьменства, ён адзначыў, што першай друкаванай беларускай кнігай была менавіта Біблія.

Між тым сучасныя тэндэнцыі ў грамадстве выклікаюць занепакоенасць. Архіерэй лічыць жорсткасць у свеце вынікам забыцця духоўнасці і законаў Божых, стратай каштоўнасных арыенціраў. У той жа час, на думку ўладыкі, беларусы — нацыя добрая і глыбока рэлігійная, якая не страціла духоўныя механізмы самарэгулявання. А гэта, у сваю чаргу, залог быцця і развіцця. «На духоўнасць, малітву і набожнасць народа абапіраецца фундамент нашага грамадства. Мы захоўваем традыцыі альтруізма, нікога не пакідаем у бядзе — у гэтым глыбіня беларускай душы. А таму, калі мы будзем працягваць паважаць законы Божыя і ўвасабляць іх у жыццё, у нашага народа будзе і вялікая будучыня», — рэзюмаваў Феадосій.

Што тычыцца мерапрыемстваў, запланаваных у рамках святкавання юбілейнай даты, то яны абяцаюць быць маштабнымі і разнастайнымі. Пра тыя, што адбудуцца на Браслаўшчыне, чытайце ў гэтым жа нумары «Браслаўскай звязды».

■ Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *