У Барунах аформілі незвычайны рэтра-пакой

Калейдоскоп

Сацыяльныя ўстановы для адзінокіх састарэлых і інвалідаў у многіх людзей часцей за ўсё выклікаюць сум і нейкую бязвыхаднасць. Але дастаткова наведаць бабуль і дзядуляў у аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Барунах, як сумныя думкі развейваюцца, бо тут пажылым людзям створаны ўсе неабходныя для камфортнага жыцця ўмовы.22

А нядаўна супрацоўнікі ўстановы аформілі незвычайны рэтра-пакой, дзе мэбля, рэчы і антураж акунае падапечных у часы іх маладосці.

Таму не дзіўна, што менавіта ў гэтым утульным памяшканні Тэрэса Саруль любіць праводзіць свой час за маляваннем.

Цяжкі і складаны жыццёвы лёс за плячыма гэтай жанчыны. Усяго тры гады было ёй, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, але жудасныя падзеі таго часу трывала ўрэзаліся ў дзіцячую памяць. Не абмінулі Т. Саруль і галодныя пасляваенныя гады. На жаль, сваёй сям’і жанчына не мела, і, калі стала зусім нямоглай, з задавальненнем пасялілася ў барунскім пансіёне.

— Мне тут вельмі добра, — кажа Тэрэса Вацлаваўна, — цёпла, утульна, смачна кормяць, даглядаюць. А яшчэ ёсць магчымасць маляваць.

Адміністрацыя ўстановы набыла для Т. Саруль алоўкі, фарбы і альбомы. Безумоўна, малюнкі ў пажылой жанчыны вельмі простыя і крыху наіўныя. Але галоўнае, што, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, адзінокія састарэлыя могуць унесці ў сваё жыццё хвіліны ціхай радасці і адчуваць клопат пра сябе.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.