Свята настаўнікаў

Калейдоскоп

У першую нядзелю кастрычніка мы віншуем прадстаўнікоў адной з самых шматлікіх і галоўных прафесій — педагогаў. Гэта свята асаблівае і датычыцца кожнага чалавека, бо кім бы ён ні быў — урачом, будаўніком ці хлебаробам, — перш за ўсё ён былы вучань.

13

У пятніцу ў РЦК адбылася цырымонія ўшанавання педагогаў раёна «Прызнанне — 2017». Каля ста настаўнікаў, выхавальнікаў і кіраўнікоў гурткоў са святочным настроем прыйшлі на гэтае мерапрыемства.

Фае культурнай установы было ўпрыгожана вялікімі арыгінальнымі віншавальнымі паштоўкамі, якія стварылі таленавітыя настаўнікі школ раёна. Адкрыў свята педагогаў старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі. У сваім прывітальным слове ён адзначыў, што ўвага да сістэмы адукацыі была і застаецца адным з прыярытэтных накірункаў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, паколькі падтрымка дзяцей, развіццё іх таленту і здольнасцей — гэта самыя лепшыя інвестыцыі ў будучыню. У. Дранеўскі падкрэсліў, што сапраўдны педагог той, хто не толькі валодае сучаснымі методыкамі, але і фарміруе навыкі мысліць самастойна, прымаць рашэнні і несці адказнасць за свой выбар. У канцы выступлення старшыня райвыканкама пажадаў віноўнікам урачыстасці творчага пошуку, новых працоўных поспехаў, здольных вучняў, здароўя і дабрабыту.

Пасля цёплых віншавальных слоў кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў дырэктару Слабодкаўскага ДССШ Ірыне Гапон, адзначыў Падзякай настаўнікаў англійскай мовы гімназіі і СШ № 1 Вольгу Лукша і Юлію Пяткун. 1214

Затым на сцэну пад апладысменты сваіх калег падняліся пераможцы ў намінацыі «Поспех у прафесіі», якім ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму ўручыў начальнік гэтага аддзела Іван Абаровіч.15

Самых актыўных членаў прафсаюза старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч адзначыла ганаровымі граматамі ведамаснага абласнога камітэта.17

Сардэчна прысутныя віталі тых, хто прайшоў доўгі шлях настаўніка, а ў гэтым годзе папоўніў рады мудрых, вопытных і паважаных педагогаў. Пра кожнага «маладога пенсіянера» вядучыя мерапрыемства сказалі шмат сардэчных слоў, а школьніцы ўручылі ім памятныя падарункі і кветкі. Віншаванні і ўзнагароджанні перамяжоўваліся цудоўнымі музычнымі нумарамі таленавітых выхаванцаў ЦДіМ і вучняў школ раёна. Завяршыла святочную праграму выступленне калектыву Магілёўскай абласной філармоніі.16

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.