Чым заняць дзіця пасля ўрокаў?

В свободное время

Кожны навучальны год бацькоў хвалюе пытанне, чым заняць сваё дзіця пасля ўрокаў, каб вольны час яно праводзіла з карысцю. «Браслаўская звязда» вывучыла варыянты дадатковых заняткаў з дзецьмі ў нашым раёне і высветліла, якія здольнасці можна падчас іх развіць.

Практычна ўсе ўстановы культуры і адукацыі маюць шэраг прапаноў для арганізацыі вольнага часу. У большасці з іх дзяцей прымаюць з 6 гадоў і ў асноўным заняткі праводзяцца на бясплатнай аснове. Расклад гурткоў і секцый складаецца ў залежнасці ад заканчэння ўрокаў.

СПОРТ

Фізічная актыўнасць — добры занятак для актыўнага і энергічнага дзіцяці. У Браслаўскім раёне, як у райцэнтры, так і ў сельскай мясцовасці, дзейнічаюць розныя спартыўныя гурткі і секцыі. Напрыклад, РФСК «Дрывяціч» прапаноўвае заняткі баскетболам, лыжным і парусным спортам, усходнімі адзінаборствамі, футболам, настольным тэнісам, а педагогі Браслаўскай ДЮСШ дапамогуць авалодаць лёгкай атлетыкай і боксам.8

ТВОРЧАСЦЬ

Творчыя здольнасці дапамогуць развіць адразу некалькі ўстаноў Браслаўшчыны — цэнтр дзяцей і моладзі, раённы цэнтр культуры, Браслаўская і Відзаўская дзіцячыя школы мастацтваў і іх філіялы. Спектр дзейнасці даволі шырокі. Напрыклад, ЦДіМ прапаноўвае валянне з воўны, лепку з гліны, суда- і авіямадэліраванне, вязанне, вышыўку стужкамі, бісерапляценне і г. д. У музычных установах вучаць сольным і харавым спевам, народным і сучасным танцам, дапамогуць авалодаць рознымі інструментамі. Браслаўскі РЦК праводзіць для дзяцей заняткі па харэаграфіі і спевах.

ІНТЭЛЕКТ

Практычна ва ўсіх навучальных установах раёна праводзяць заняткі, якія развіваюць інтэлектуальныя здольнасці, напрыклад, факультатывы для паглыбленага вывучэння замежных моў, матэматыкі, гурткі шахматыстаў і аматараў-эрудытаў. Таксама існуюць аб’яднанні, дзе даюцца дадатковыя веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Сюды можна аднесці клубы юных інспектараў дарожнага руху ці выратавальнікаў-пажарных. Пашыраюць кругагляд дзяцей і таксама даюць пэўныя жыццёвыя навыкі і турысцка-краязнаўчыя гурткі.

Вядома ж, добра спланаваны вольны час дзяцей дапаможа бацькам у іх выхаванні. Тым больш што гэта бяспечнае, цікавае і карыснае баўленне часу. Акрамя таго, школьнікі маюць магчымасць удзельнічаць у конкурсах і мерапрыемствах, што, несумненна, аказвае ўплыў на іх фарміраванне як асоб.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *