У Браславе прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя

Год науки

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мікрагісторыя і гісторыя штодзённасці: новы погляд на гістарычную і культурную спадчыну» адбылася ў Браславе 6 кастрычніка.

2
Раіса Аўчыннікава дэманструе кнігу пра Браслаўшчыну гісторыкам з Даўгаўпілса і Мёр Мікалаю Паўловічу і Вітольду Ермалёнку.

Мерапрыемства прайшло ў рамках Тыдняў устойлівага развіцця — 2017 пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі. Супрацоўнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў загадзя падалі сваю заяўку аб правядзенні канферэнцыі, прайшлі конкурсны адбор і атрымалі арганізацыйна-метадычную, а таксама фінансавую падтрымку.

3
Даклад чытае даследчыца Антаніна Кізлова з Кіева.

Для ўдзелу ў навуковым мерапрыемстве ў Браслаў прыехалі гісторыкі як з Беларусі (Полацк, Віцебск, Мёры, Мінск), так і даследчыкі гістарычнага мінулага з Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі. Акрамя гэтага, завочна ўдзельнічалі вучоныя з Казахстана і Турцыі. Усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 чалавек.

Ад імя Браслаўшчыны ўдзельнікаў віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына і дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак.4

Прысутныя з цікавасцю слухалі даклады сваіх калег, задавалі пытанні і абмяркоўвалі пэўныя моманты. Тэматыка выступленняў была рознай — ад праблем захаванасці мясцовага фальклору да вывучэння Кіева-Пячорскага абраза Успення Багародзіцы. Актыўна праявілі сябе прадстаўнікі Браслаўшчыны: 5 даследаванняў нашых землякоў былі заяўлены да ўдзелу ў канферэнцыі.

Таксама падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя некалькіх навуковых выданняў, у прыватнасці, зборніка артыкулаў канферэнцыі, які быў надрукаваны загадзя. Цікавасць прысутных выклікала і прэзентацыя кнігі «Гідранімія Браслаўшчыны» аўтарства вучонай з Беларусі Раісы Аўчыннікавай. Даследчыца асабіста расказала пра выданне, пра даследаванне больш за 400 назваў рэк і азёр раёна. Зборнік выдадзены тыражом 55 экзэмпляраў, некалькі з якіх нават знаходзяцца ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэта і Кангрэса ЗША.

Пасля выступлення дакладчыкаў для ўсіх удзельнікаў было арганізавана знаёмства з горадам і музеямі Браслава. Падводзячы вынікі канферэнцыі, Уладзімір Ганскі, доктар філасофіі, асацыяваны прафесар Дзяржаўнай вышэйшай школы прыкладных навук (Польшча) выказаў словы падзякі браслаўчанам за арганізаваную сустрэчу вучоных, магчымасць абмену вопытам, наладжванне сяброўскіх стасункаў і выказаў надзею, што яна стане традыцыяй.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *