Святочны «агеньчык» для ветэранаў педагагічнай працы

Калейдоскоп

ЛІЧЫЦЬ НЕ БУДЗЕМ МЫ ГАДЫ пад такой назвай у актавай зале ЦДіМ прайшоў традыцыйны святочны «агеньчык» для ветэранаў педагагічнай працы, які аб’яднаў Дзень настаўніка і Дзень пажылых людзей.

10З радасцю сустракалі паважаных гасцей, якія многія гады аддавалі часцінку свайго сэрца дзецям, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, арганізатары мерапрыемства — супрацоўнікі ўстановы дадатковай адукацыі і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч.

Ды і на тварах запрошаных свяціліся прыемныя ўсмешкі, бо, несумненна, такія душэўныя сустрэчы прыносяць шмат станоўчых эмоцый і даюць магчымасць за кубачкам духмянай гарбаты пагутарыць з былымі калегамі, падзяліцца навінамі.

Прывітальным словам пачала С. Сімановіч цёплае свята. Яна павіншавала прысутных і выказала ўдзячнасць за іх шматгадовую сумленную працу. Вітаў ганаровых гасцей, а таксама пазнаёміў іх з сучаснымі рэаліямі раённай сістэмы адукацыі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч.

Абаяльнай вядучай мерапрыемства Аляксандры Раманскай удалося стварыць шчырую і непасрэдную атмасферу ў зале. А разнастайная цікавая праграма свята нікому не дала сумаваць. Вясёлыя забаўляльныя гульні, віктарыны і конкурсы змяняліся цудоўнымі музычнымі нумарамі таленавітых выхаванцаў ЦДіМ. З сардэчнай цеплынёй прысутныя спявалі любімыя песні пад акампанемент Уладзіміра Сакалоўскага. Многія госці атрымалі памятныя прызы за сваё творчае і кулінарнае майстэрства. З добрым гумарам прайшла бяспройгрышная латарэя, білецік якой атрымаў кожны пры ўваходзе ў залу.

Мерапрыемства яшчэ раз пацвердзіла, што нават на заслужаным адпачынку настаўнікі не губляюць цікавасці да актыўнага жыцця, захоўваюць у сабе аптымізм і з ахвотай дзеляцца з іншымі сваёй душэўнай цеплынёй. А сардэчны святочны «агеньчык» падарыў прысутным шчаслівыя хвіліны сустрэчы і запаліў у іх сэрцах іскрынку радасці.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *