Прафесія млынара жыве і сёння

Люди Экономика и финансы

Зусім нядаўна даведаўся, што ў Беларусі ёсць афіцыйна ўстаноўленае прафесійнае свята — Дзень млынара. І адзначаецца яно 25 кастрычніка.

З даўніх часоў млынар у вёсцы карыстаўся асаблівай павагай, бо менавіта ад яго ўмення, добрасумленнасці залежала якасць намолатай мукі, а значыць, і смак хлеба. Таму вяскоўцы заўсёды з павагай адносіліся да чалавека гэтай прафесіі.

7
Вітольд Ільюшчыц выдае чарговую порцыю камбікорму.

Як правіла, млынары былі людзьмі заможнымі, жылі ў дастатку, а большасць з іх, гаворачы сучаснай мовай, мелі прадпрымальніцкую жылку, бо не хавалі накопленыя грошы ў кубышку, а ўкладвалі іх у развіццё сваёй вытворчасці: будавалі больш дасканалыя па сваім часе млыны, ды так, што некаторыя з іх цяпер лічацца помнікамі архітэктуры не толькі мясцовага, а і рэспубліканскага значэння. Да таго ж ёсць у Беларусі старадаўнія млыны, якія знаходзяцца ў рабочым стане.

У нас на Браслаўшчыне захаваліся старыя будынкі млыноў у Слабодцы, Іказні, турыстычным аб’ектам лічыцца фундамент з мазаікай у Зараччы. Стары млын Браслава стаў музеем і заезным дваром.

Мінулі тыя часы, калі млынавыя жорны круціліся пры дапамозе ветру, пары, дызельных рухавікоў. На змену ім прыйшлі электрычныя, дзе, замест традыцыйных камянёў, зерне здрабняецца і мелецца металічнымі агрэгатамі. Ды і прафесія такая, як млынар, здаецца, адышла ў небыццё.

Так, амаль ва ўсіх нашых сельгаспрадпрыемствах ёсць электрамлыны, дзе мелюць збожжа для жывёлы, аказваюць такія ж паслугі мясцовым жыхарам. Многія вяскоўцы абзавяліся ўласнымі міні-млынамі. У СВК «Маяк Браслаўскі» млын перарос у камбікормавы завод.

Я задаўся пытаннем, ці ёсць у нас хоць адзін чалавек, які можа назваць сябе млынаром, і паспрабаваў адшукаць такога.

Начальнік камбікормавай вытворчасці вышэйузгаданага сельгаскааператыва Сямён Арцем’еў сказаў, што 6 яго падначаленых, якія за змену перамельваюць да 40 тон збожжа, лічацца ў гаспадарцы слесарамі камбікормавага завода. У іншых сельгаспрадпрыемствах, як правіла, зерне мелюць загадчыкі зернясховішчаў ці аператары мукамольных установак. І толькі ў Вітольда Ільюшчыца з ААТ «Агравідзы» ў працоўнай кніжцы ў графе «пасада» значыцца — млынар.

Больш за 10 гадоў таму назад Вітольд прыехаў на Браслаўшчыну з Казахстана. Па прафесіі — механізатар. Спачатку ў гаспадарцы працаваў рознарабочым, чакаў, калі дадуць трактар. Аднойчы выправілі яго падсобным у млынарню, былы млынар паведаміў, што хутка пакідае работу, і мужчына пачаў цікавіцца працэсам вытворчасці. Хваткі да ўстройства тэхнікі, яе абслугоўвання, хутка скеміў, што да чаго, і замяніў млынара.

Рабочы дзень у В. Ільюшчыца пачынаецца а палове пятай гадзіны раніцы. Ён адпускае на абодва комплексы гаспадаркі прыгатаваны ўчора камбікорм. Затым рыхтуе новую партыю на вячэрні корм жывёле, потым — на наступную раніцу. Усяго атрымліваецца 8-10 тон. Рабочае месца пакідае не раней за 16 гадзін.

Як казаў дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха, Вітольд адметны не толькі тым, што пры размоле зерня і прыгатаванні камбікорму скрупулёзна вытрымлівае падсыпку неабходных кампанентаў, а і тым, што ўсе агрэгаты млыну рамантуе сам. У яго ёсць зварачны апарат, наборы інструментаў, таму не здараецца, што млын не выдае неабходнай колькасці прадукцыі.

Не буду сцвярджаць, што толькі ў аднаго Вітольда Ільюшчыца ў працоўнай кніжцы значыцца пасада млынара. Людзей, якія маюць дачыненне да мукамольнай прафесіі, у раёне нямала. Таму калектыў «Браслаўскай звязды» ўсім ім шле свае віншаванні. Мяккага вам памолу, і няхай у вашы жорны не перастаюць цячы ручайкі збожжа. Са святам, мукамолы!

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *