Месца для адпачынку, а побач звалка

Калейдоскоп

На 108-м кіламетры аўтадарогі Полацк — Мёры — Браслаў побач з трасай ёсць зручная пляцоўка для адпачынку падарожнікаў — з прасторнай аўтастаянкай, альтанкамі, арэлямі, абсталяваным на бетоннай падушцы вогнішчам, дагледжаным туалетам, кантэйнерамі для цвёрдых бытавых адходаў. Словам, хто прытаміўся ў працяглай дарозе, можа тут спакойна размяць ногі, перакусіць, перавесці дух і зноў прадоўжыць свой шлях.2

Уладальнікам пляцоўкі для адпачынку з’яўляецца ДЭУ-34. Трэба сказаць, што дарожнікі ўпраўлення не забываюць пра свой аб’ект прыдарожнага сэрвісу: штогод у красавіку фарбуюць альтанкі, кантэйнеры, бардзюры, штосьці рамантуюць. Кожны дзень, акрамя выхадных, работнік арганізацыі наведваецца туды, наводзіць, калі трэба, парадак, выклікае смеццявоз (з ДП «Браслаў-камунальнік» у ДЭУ-34 заключаны дагавор на вываз бытавых адходаў). Таму нават не паверыў тэлефоннаму званку ў рэдакцыю наконт жудаснай засмечанасці гэтага грамадскага месца.

Лепш, кажуць, адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму неадкладна накіраваўся туды. Ніякага смецця не заўважыў, натуральны прыродны парадак, амаль пустыя кантэйнеры, чыстыя туалеты з вёдрамі для паперы. Надпіс на інфармацыйным шчыце запрашае захоўваць парадак і папярэджвае пра адміністрацыйную адказнасць за пашкоджанне, засмечванне аўтадарог і палос адводу.

Памыліліся, думаю, беспадстаўны тэлефонны званок. Збіраюся вяртацца, але раптам у праменях сонца праз галінкі дрэў штосьці бліснула прама ў вочы. Збочваю з асфальту ў лясок і праз колькі крокаў заўважаю вялізныя кучы з бляшанак, бутэлек, пластыкавых упаковак, цэлафанавых абгортак, мяккіх дзіцячых цацак, абутку і нейкага адзення. Гледзячы на гэтыя «даброты цывілізацыі», разумею, што пакінуты яны не адной людской рукой. І гэта пры тым, што літаральна побач кругласутачна стаяць кантэйнеры.1

Можна сто і больш разоў абурацца на бескультур’е і абыякавасць тых, хто свядома ці па абмежаванай мізэрнасці светапогляду жыве па прынцыпе: пасля мяне — хоць патоп. На жаль, такая з’ява яшчэ жывучая ў нашым грамадстве. Таму і даводзіцца агульнымі сіламі ліквідаваць стыхійныя звалкі, прыбіраць прыбярэжныя палосы ці ўскрайкі лесу.

Дарэчы, на тым жа інфармацыйным шчыце паведамляецца, што тэрыторыя, якая прылягае да пляцоўкі адпачынку, замацавана за нацыянальным паркам, таксама ўказаны і нумар тэлефона. І хоць дадзены нумар ужо зменены падчас мадэрнізацыі тэлефоннай сеткі, але «вылічыць» яго гаспадара было нескладана. Ім аказалася Барунскае лясніцтва.

У лясніцтве не сталі адпірацца, што месца вакол прыдарожнай пляцоўкі — іх тэрыторыя, а на заўвагу наконт пакінутага абы-дзе смецця абыякавымі да навакольнага асяроддзя людзьмі лаканічна адказалі: «Мы вас пачулі».

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *