Браслаўчане пра сваіх матуль

Калейдоскоп

Маці… З самага нараджэння яна атуляе нас любоўю і цяплом, на працягу ўсяго жыцця перажывае разам з намі радасць і смутак, заўсёды разумее, падтрымлівае і даруе. Сёння са старонак «Браслаўскай звязды» пяшчотныя словы ўдзячнасці гучаць у адрас самага дарагога чалавека.

IMG_4701Віталь МАГРЫН, старшы інспектар-дзяжурны РАУС:

— У нас вялікая і дружная сям’я. І для ўсіх наша маці заўсёды знаходзіць добрыя словы і мудрыя парады, пры неабходнасці кожнага падтрымае і супакоіць. Яна для нас прыклад і ў працы, і ў жыцці, таму ўсе дзеці выраслі працавітымі, добрасумленнымі, годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Калі заступіў на службу спачатку ўчастковым, а потым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку, маці кожны раз з трывогай у сэрцы праводзіла мяне на дзяжурства, а сустракала пяшчотнай усмешкай і гарачым абедам. Мы даўно дарослыя, але ўсё роўна з радасцю збіраемся ў бацькоўскім доме, дзе нас чакае накрыты стол і маці, для якой мы і цяпер дзеці.

Святлана САЧЫЎКА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС:

IMG_4708— Мая маці — цудоўная жанчына. Яна для мяне самы блізкі чалавек, надзейная сяброўка, шчыры дарадчык, справядлівы крытык. Яе падтрымка дапамагае пераадольваць цяжкасці, дасягаць пастаўленых мэт. Але самае галоўнае, на працягу ўсяго жыцця маці для мяне — прыклад шчырых адносін у сям’і, гатоўнасці прыйсці на дапамогу ў любы час, прысвячэння сябе любімай прафесіі і праяўлення лепшых маральных якасцей — прыстойнасці і чалавечай годнасці. А яшчэ яна спалучае ў сабе рысы патрабавальнага, але справядлівага кіраўніка. Матуля вельмі творчы чалавек: многа чытае, цікавіцца навінкамі літаратуры, асабліва беларускай, піша пранікнёныя вершы, вырошчвае кветкі, разводзіць акварыумных рыбак. Сваю любоў і пяшчоту яна поўнасцю аддае і ўнуку, дзеліцца з ім здабыткамі сваёй душы. У вольны час яны размаўляюць пра жыццё, сяброўства і каханне. Вельмі рада, што маці стала надзейнай сяброўкай і для майго сына. Я ганаруся і даражу сваёй матуляй.

Леанід МІКШТА, старшыня РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»:

IMG_5158— Мама — гэта самы галоўны для мяне чалавек. Дзякуючы яе пяшчотным лістам служба ў Афганістане здавалася лягчэйшай. З нецярпеннем штодзень чакаў навін з дому, дзе маці пісала пра хатнія справы, блізкіх і родных, а галоўнае — падтрымлівала мяне добрымі, пяшчотнымі словамі, ад якіх станавілася весялей на сэрцы. Ужо даўно яна жыве адна, таму амаль кожны дзень я прыязджаю да яе, дапамагаю па гаспадарцы, расказваю пра сябе і ўнучак, ды і проста любім з ёй пагутарыць пра жыццё. Вельмі ўдзячны сваёй матулі за любоў, клопат і дапамогу.

 

 

Анастасія ХРАПАН, вучаніца 8 класа браслаўскай гімназіі:

IMG_4768— Мая маці самая лепшая, пяшчотная і прыгожая. Я вельмі яе люблю. У нашай сям’і чацвёра дзяцей, і для ўсіх яна знаходзіць час, лагодную ўсмешку і добрыя словы. Мне дапамагае з урокамі, падтрымлівае ў творчасці, разам з ёй выбіраем уборы для маіх выступленняў. Заўсёды прыслухоўваюся да яе слушных парад. А яшчэ маці вучыць мяне гатаваць смачныя стравы і быць добрай гаспадыняй. Паколькі я старэйшая з дзяцей, то з задавальненнем дапамагаю ёй па гаспадарцы, на святы абавязкова віншую маці сувенірамі, якія раблю ўласнымі рукамі, і стараюся не засмучаць.

 

 

Максім СЕЛЬСКІ, загадчык сектара механізацыі райсельгасхарча райвыканкама:

IMG_4780— Мая маці — добрай душы чалавек. Усё жыццё працавала педагогам. І яе шчырага сэрца хапала і на вучняў, і на нас з братам. Ніколі яна ў хаце не была строгай настаўніцай. Калі прыходзіла з работы, то станавілася пяшчотнай, ласкавай маці. Добразычлівая, спагадлівая, яна заўсёды для родных і знаёмых знойдзе цёплыя словы, падтрымае слушнай парадай. Мы яе любім і ганарымся тым, што ў нас такі дарагі і блізкі чалавек. І са свайго боку, намагаемся аддзячыць яе увагай.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *