АВАЛОДАЦЬ СТАРАЖЫТНЫМ РАМЯСТВОМ МОЖА КОЖНЫ

В свободное время

Для большасці з нас музей — месца, дзе праходзяць выстаўкі. Аднак супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры не толькі ладзяць цікавыя экспазіцыі, звязаныя з рамёствамі Браслаўшчыны, але і навучаюць гасцей майстэрству ткацтва, ганчарства, вышыўкі, вязання кручком, саломапляцення…

5Па лесвіцы будынка музея, былога млына, мы з Наталляй Парахневіч, кіраўніком народнага клуба майстроў і мастакоў «Ля возера», уздымаемся амаль пад дах. Там, на трэцім паверсе, знаходзяцца кросны. Драўляныя, адпаліраваныя да бляску за многія гады чалавечымі рукамі, яны ажываюць пад спраўнымі рухамі браслаўскіх майстрых.

— Гэта сапраўдныя аўтэнтычныя кросны, якія былі знойдзены падчас этнаграфічных экспедыцый. Магчыма, ім гадоў па 100, — кажа Наталля Парахневіч. — На іх працавала не адно пакаленне браслаўчанак. А вось аднаўляць ткацтва ў музеі пачынала Аліна Чапулёнак. Яна перадала гэтае рамяство Антаніне Кавалык, якая потым навучыла Людмілу Рулевіч, Анжэлу Лук’янец… Цяпер ткацтва асвойвае малады спецыяліст Ганна Ставіцкая, якая прыйшла працаваць да нас у мінулым годзе.

Навучыцца ткаць на кроснах можа любы жадаючы. І не толькі ткаць. Музейныя супрацоўнікі з радасцю дапамогуць авалодаць і іншымі традыцыйнымі рамёствамі Браслаўшчыны.

— Сярод запатрабаваных — ганчарства, — працягвае Н. Парахневіч. — Яго выкладае вопытны майстар Ларыса Дарафейчык, якая навучылася гэтаму рамяству ў сваёй бабулі Ніны Кузьмінавай — адной з нямногіх жанчын-ганчароў у Беларусі. Для заняткаў з глінай у музеі ёсць памяшканне з неабходным абсталяваннем.

Ідучы па будынку МТК, нельга не звярнуць увагу на прыгожыя вырабы з саломкі. Большасць з іх зроблена рукамі вучняў Элеаноры Зінкевіч. Яна дапамагае браслаўчанам асвойваць саломапляценне. І некаторыя з іх ужо самі сталі выдатнымі майстрамі, напрыклад, Вера Шыкалава. Дарэчы, сёлета на «Славянскім базары» ў Віцебску яна заняла першае месца за калекцыю саламяных скульптур у выставе-конкурсе «Золата роднай зямлі».

— Мы рады кожнаму госцю нашай установы, а калі яшчэ пасля наведвання ў людзей з’яўляецца жаданне самім паспрабаваць сябе ў творчасці, то з задавальненнем дапаможам, — кажа Наталля Парахневіч.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *