Народны ансамбль народнай песні «Відзаўчанка» прыняў удзел у міжнародным фестывалі «Ežerų sietuva» ў Літве

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп Отдых

Народны ансамбль народнай песні «Відзаўчанка» Відзаўскага ДК прыняў удзел у міжнародным фестывалі «Ežerų sietuva» ў Літве.image2

Музычнае мерапрыемства аб’яднала мастацкія калектывы з розных краін, якія прадставілі сябе і паказалі адметнасці культуры сваёй краіны. Яно праходзіла ў трох гарадах Літвы — Ігналіне, Молетаі і Пабрадзе. Сёлета ў ім удзельнічалі калектывы з Грузіі, Польшчы, Малдовы, Харватыі, Мальты, Літвы і Беларусі. Нашу краіну прадстаўляў толькі адзін ансамбль — «Відзаўчанка».

Як расказала Ганна Павініч, дырэктар Відзаўскага Дома культуры, фестываль народнай музыкі і танца распачаўся з урачыстага шэсця на плошчы горада Ігналіна, дзе кожны з калектываў ганарова прайшоўся са сцягам сваёй краіны. Затым адбыўся канцэрт, дзе ўсе ўдзельнікі прадставілі свае праграмы. Нашых артыстаў публіка сустракала вельмі цёпла, бо яны адрозніваліся ад іншых тым, што ў выступленні спалучалі танцы і песні. Іншыя ж калектывы прадстаўлялі толькі адзін напрамак мастацтва.Ežerų Sietuva 2017-1

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю ў Ігналіне яго ўдзельнікі раз’ехаліся для выступленняў у суседнія гарады. На працягу двух дзён яны давалі канцэрты для літоўскіх гледачоў у Молетаі і Пабрадзе. За гэты час калектывы, нягледзячы на моўны бар’ер, змаглі пазнаёміцца і пасябраваць. Акрамя гэтага, арганізатары фестывалю прадумалі для іх цікавую праграму адпачынку. Відзаўчане пабывалі ў музеях рыбалоўства і палявання, пчалярства. У кожным горадзе прымаючы бок знаёміў са сваімі традыцыямі і гісторыяй. У адказ калектывы расказвалі пра свае краіны і дарылі сувеніры.

— Несумненна, удзел у фестывалі значна ўзбагаціў нас духоўна. Мы не толькі пазнаёміліся з іншымі культурамі, але і завязалі сяброўскія стасункі, напрыклад, з калектывам з Грузіі, які нават запрасіў нас у госці, — расказала Ганна Павініч. — Удзельнікі «Відзаўчанкі» вельмі задаволены сваім выступленнем. Мы бачылі рэакцыю гледачоў на нашы песні і танцы, многія дзякавалі за канцэрт.imageEžerų Sietuva 2017-1

Фестываль завяршыўся агульным гала-канцэртам і ўручэннем дыпломаў і сувеніраў. Але самае галоўнае, ён аб’яднаў краіны, а замежныя калектывы змаглі захаваць у сваім сэрцы часцінку Беларусі і Браслаўшчыны.

■ Алена НАБЕЕВА.