Настаў час інтэнсіўнай падрыхтоўкі ферм да зімовастойлавага ўтрымання жывёлы

Деньги

Восень — пара не толькі напружаных палявых работ, а і час інтэнсіўнай падрыхтоўкі ферм да зімовастойлавага ўтрымання жывёлы. Трэба адзначыць, што памяшканні, у якіх ішла капітальная рэканструкцыя, рыхтаваць пачалі яшчэ летам, бо за месяц такі аб’ём работ не выканаеш. Бягучы ж рамонт прыпадае менавіта на гэты час.

6
«Бярозавы край»

Гады два таму назад на адным з пасяджэнняў калегіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў было рэкамендавана не распыляць на рамонт і без таго мізэрныя сродкі па ўсіх аб’ектах жывёлагадоўлі, а кожны год капітальна рамантаваць па адной канкрэтнай ферме і такім чынам паступова прывесці ў належны стан усю складаную інфраструктуру.Час паказвае, што такі падыход апраўдвае сябе.

1
На МТФ «Гайлешы» ачышчаюць стойлавае памяшканне.

Вось і сёлета ў кожнай гаспадарцы былі вызначаны прыярытэтныя аб’екты, на рамонт якіх і накіроўвалася найбольш сродкаў. Менавіта іх і наведаў на мінулым тыдні аўтар гэтых радкоў разам з ветурачом-серолагам райветстанцыі Марыяй Храпан. Наш маршрут пралягаў праз акцыянерныя таварыствы «Браслаўскі райаграсэрвіс», «Слабодка-агра», «Друйскі» і «Бярозавы край». Адразу скажу, што на кожным з аб’ектаў актыўна вяліся рамонтныя работы. Напрыклад, на МТФ «Гайлешы», якая належыць першай з узгаданых гаспадарак, работніцы бухгалтэрыі прыбіралі стойлавае аддзяленне, з двума апаратамі працавалі зваршчыкі, яшчэ адна група людзей фарбавала металічныя канструкцыі. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Смольнік, які прысутнічаў у гэты час на ферме, узгадаў, што летась сканцэнтравалі матэрыяльныя, людскія рэсурсы і адрамантавалі малочнатаварны комплекс у Цяцерках. Таму гэтым летам яго толькі вычысцілі і пабялілі.

 

5
У «Друйскім»

У «Друйскім», дзе працуюць адразу 4 будаўнічыя брыгады і звяно водаправодчыкаў, ідзе рэканструкцыя цялятніка, заканчваецца ўзвядзенне новага памяшкання для асобнага ўтрымання нованароджаных цялушак ад высокапрадукцыйных кароў (такое ж будуюць і ў «Слабодцы-агра», усталёўваюцца кармавыя сталы ў новым загоне дарошчвання цялят. У час «экскурсіі» па аб’ектах, якую наладзіў нам дырэктар Аляксандр Бялюн, на кожным з іх кіпела работа.

4
У «Друйскім»

Такі ж малюнак назіраўся на МТФ «Луні» («Слабодка-агра») і «Белая» («Бярозавы край»). Дарэчы, пра свой візіт на рамантуемыя фермы кіраўнікоў гаспадарак мы не папярэджвалі, аднак сустрэлі ўсіх чацвярых на тым ці іншым аб’екце. А гэта значыць, што дырэктары ўзгаданых сельгаспрадпрыемстваў, нягледзячы на напружанасць палявых работ, не выпускаюць з поля зроку і ход падрыхтоўкі ферм да зімы.

3
«Слабодка-агра»

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.