Малады спецыяліст ЦДіМ Ганна Какеўка

Главное

Абудзіць у дзяцей любоў да творчасці і навучыць іх ствараць прыгажосць — менавіта такую задачу ставіць перад сабой малады спецыяліст ЦДіМ Ганна Какеўка.

1Сама дзяўчына ў незвычайны свет мастацтва з задавальненнем ступіла, калі вучылася ў полацкай сярэдняй школе. Паралельна яна паступіла ў мясцовую музычную, а пазней — у мастацкую школы. Безумоўна, вучыцца адразу ў трох установах было даволі складана, але мэтанакіраваная, крэатыўная дзяўчына паспяхова ава- лодвала не толькі вучэбнай праграмай, а яшчэ спасцігала і музычную грамату, і азы малявання, і сакрэты дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

— Дамоў вярталася толькі вечарам, — узгадвае Ганна, — але стомы ніколі не адчувала, бо гэтыя заняткі былі часткай маёй душы.

А каб адшліфаваць прыродны талент і надаць яму прафесійную агранку, Г. Какеўка пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на мастацка-графічны факультэт. Метавіта тут дзяўчына пачала грунтоўна вывучаць сакрэты керамічнай справы.

Але шматграннай натуры Ганны гэтага падалося мала, таму на трэцім курсе яна атрымала прафесію цырульніка. Да таго ж паспела паўдзельнічаць у конкурсах артрычоскі.

І вось з багажом мастацкіх ведаў, навыкаў і са шчырымі памкненнямі ствараць вакол сябе прыгажосць Г. Какеўка ўпэўнена пераступіла парог ЦДіМ. Добразычліва сустрэла маладога спецыяліста творчая і дружная сям’я ўстановы дадатковага навучання.

Браслаўскіх школьнікаў педагог будзе вучыць ствараць прыгожыя вырабы з гліны.

— Гэта цудоўны прыродны матэрыял, — лічыць Г. Какеўка, — які нясе людзям добрую, станоўчую энергетыку. Да таго ж праца з ім развівае маторыку рук, а таксама памяць, мову і фантазію.

Творчасць для Ганны — цэлы свет, поўны тайнаў і прыгажосці. І ўсім гэтым ад усяго сэрца яна жадае падзяліцца са сваімі будучымі выхаванцамі, навучыць іх бачыць прыгожае і цаніць яго.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.