Малочнатаварнай фермай загадвае працавітая і адказная Кацярына Угарэнка

Главное

Тэхналогія павышэння прадукцыйнасці дойнага статка патрабуе скрупулёзных падыходаў да адбору маладняку, яго гадоўлі і раздою. Апошняя аперацыя на паток пастаўлена толькі ў СВК «Маяк Браслаўскі» і ААТ «Агравідзы». У астатніх жа гаспадарках, як правіла, пад ціскам раённых спецыялістаў збяруць групу–другую цялушак, аператар раздоіць іх для сябе — і на гэтым усё заканчваецца да наступнага лета.1

У гэтым годзе, пасля таго як МТФ «Абаб’е» была перададзена з ААТ «Альшанка» «Слабодцы-агра», там таксама наладзілі паточны метад раздою першацёлак.

Цяпер малочнатаварнай фермай загадвае Кацярына Угарэнка. Яна ж і аператар, і тэхнік-асемянатар. Карацей кажучы, адна ва ўсіх іпастасях. Пасля нядаўняй размовы з гэтай прыгожай дзяўчынай я засумняваўся ў правільнасці вывадаў вялікага байкапісца І. Крылова, які пісаў: «Беда коль пироги печет сапожник, а сапоги начнет тачать пирожник». А гэтыя радкі ўспомніліся таму, што Каця па спецыяльнасці кандытар.

Пасля заканчэння Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа займалася менавіта выпечкай піражкоў. І па водгуках з былога месца работы, была выдатным «пирожником».

Аднак сямейныя абставіны склаліся так, што вымушана была вярнуцца жыць у родную вёску ў ААТ «Альшанка», дзе ёй выдзелілі дом з умовай, што пойдзе працаваць аператарам машыннага даення на ферму «Абаб’е». Каця згадзілася і цяпер, як прызнаецца сама, ніколькі не шкадуе.

А асабліва задаволена дзяўчына тымі пераменамі, якія адбыліся пасля таго, як МТФ увайшла ў склад ААТ «Слабодка-агра».

— Разумееце, — расказвала Кацярына, — тут зусім іншыя падыходы да арганізацыі працы і адносіны да людзей. Кіраўнік прыедзе, заўсёды пацікавіцца не толькі абстаноўкай на ферме, а і маімі праблемамі, падбадзёрыць, калі трэба. Пасля гэтага яшчэ лепей працаваць хочацца.

З пачатку года К. Угарэнка ўжо раздаіла групу з 50 цялушак, якую адправіла ў асноўны статак. Цяпер пад яе апекай 120 галоў маладняку, 45 з іх раздоена і пакрыта. Столькі ж хутка пачнуць цяліцца. З імі дзяўчына будзе «цацкацца» тры месяцы: раздоіць, пакрые і адправіць на іншыя фермы. Затым пачне працаваць з новай групай.

Задаволены работай аператара машыннага даення і дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Дзехцяроў.

— У нашай «пирожницы», — гаварыў ён, — работа, што называецца, гарыць у руках. А наколькі адказная, добрасумленная — і сказаць немагчыма. Нагрузка ў яе каласальная. І ўсюды паспявае.

Вось і атрымліваецца, што прыведзеныя раней радкі байкапісца не заўсёды накладваюцца на рэаліі жыцця. У дачыненні да Кацярыны Угарэнка лепш падыходзіць іншы выраз: «Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім». А лепш сказаць: працавіты чалавек знойдзе сябе ў любой справе.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.