У гэтым годзе даводзіцца змагаюцца за кожны гектар

Экономика и финансы

Нядаўна былы галоўны аграном ААТ «Друйскі» Фелікс Вайткевіч, які, нягледзячы 1на пенсіённы ўзрост, у гарачыя дні прыпару прыходзіць на дапамогу роднай гаспадарцы, цяперашнюю сітуацыю на палетках ахарактарызаваў так: «Я ўсё жыццё прысвяціў працы на зямлі. Гады выдаваліся розныя: сухія і дажджлівыя, халодныя і спякотныя. Але такога, каб восенню на палях адначасова збягалася пры няўстойлівым надвор’і столькі работ, не прыпомню. А з памяццю ў мяне яшчэ ўсё добра».

 

Сапраўды, сёлетні год быццам бы знарок у кожным з сезонаў прыпадносіць хлебаробам выпрабаванне. Позняя вясна зрушыла ўсе графікі палявых работ, і цяпер атрымалася так, што трэба адначасова заканчваць уборку збожжавых і яравога рапсу, жаць кукурузу, рыхтаваць глебу пад азімыя і сеяць іх. Тэхніка ж на палях буксуе, і замест таго, каб выпраўляць энерганасычаныя трактары на ворыва і сяўбу, іх даводзіцца «прыкамандзіроўваць» да зерне- і кормаўборачных камбайнаў у якасці дзяжурных цягачоў.

Каб не быць галаслоўным, прывяду некалькі лічбаў. На раніцу чацвярга ў раёне заставалася на карані яшчэ каля 2 тысяч гектараў збожжавых. Зразумела, частку з іх давядзецца спісваць ці ўбіраць на корм жывёле, але ж згубленае зерне ўжо не вернеш.

Не лепш складваюцца справы і з уборкай яравога рапсу, якога на ўзгаданы час было зжата 43 % ад пасеянага. І калі ў аграсэрвісе з горам папалам яго ўборку закончылі, у «Агравідзах» зжалі 95 %, то ў «Відзаўскім» — толькі 7,7 %, а ў «Альшанцы» наогул да ўборкі не прыступалі.

Чакаюць кормаўборачных камбайнаў і кукурузныя палеткі. Гэтай культурай сёлета занята 2,4 тысячы гектараў. Нягледзячы на тое, што сёлетні ўраджай зялёнай масы «каралевы палёў» не будзе такім, як год і два таму назад, але яна вырасла. Касіць жа яе неяк схітрыліся толькі ў «Слабодцы-агра» і «Друйскім», дзе здолелі ўбраць па 20 гектараў. Астатняя пакуль стаіць нечапанай.

Дадатковыя страты нясуць гаспадаркі і на перасушванні збожжа. Калі ў сярэдзіне ўборкі фуражнае зерне амаль не патрабавала дапрацоўкі, то цяпер сушыльныя агрэгаты працуюць кругласутачна, і гэта пры тым, што зерне на такі паступае ў значна меншых аб’ёмах.

Аднак гэта зусім не значыць, што хлебаробы раёна апусцілі рукі і здаліся на літасць прыродзе. Не, яны змагаюцца ў прамым сэнсе гэтага слова. Змагаюцца за кожны ўбраны і пасеяны гектар, за кожную жменю зерня, за што і заслугоўваюць асаблівай павагі.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *