Утульнасць і гармонія пануе ў шматдзетнай сям’і Сокалавых

Люди

Вялікае шчасце, калі аднойчы паміж людзьмі ўспыхвае яскравая іскрынка кахання, а з часам яна разгараецца ў пяшчотнае вогнішча, якое атуляе і сагравае сваім цяплом усіх родных.1

Вось з такой маленькай іскрынкі восем гадоў таму назад запаліла свой жыватворны ачаг сям’я Сокалавых.

Малады ўрач-гінеколаг Надзея пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта па размеркаванні прыехала працаваць у браслаўскую бальніцу. Тут і ўбачыў статную, абаяльную дзяўчыну на той час оперупаўнаважаны РАУС Сяргей Сокалаў, які зайшоў у прыёмнае аддзяленне па службовых абавязках.

— З першага погляду Надзея закранула маё сэрца, — успамінае мужчына.

А вось сур’ёзная дзяўчына не надта спяшалася прымаць заляцанні хлопца. Але, напэўна, на баку Сяргея была сама золатавалосая Афрадыта. А ўжо супраць такой саюзніцы, бадай што, ніхто не ўстаіць. Адтаяла сэрца Надзеі. Больш за паўгода кожны дзень сустракаліся закаханыя, а потым звязалі свае лёсы вузамі Гімінэя.

Праз год маладая сям’я папоўнілася адразу дзвюма прыгожымі дачушкамі.

— Безумоўна, — расказвае жанчына, — было вельмі цяжка. Калі заплача адна, то пачынае і другая. Увагу і клопат патрабавалі адразу ўдваіх. І без дапамогі нашых бабуль справіцца было б складана, за што ім вялікі дзякуй.

А ў хуткім часе ў доме Сокалавых зазвінеў галасок і сына Дзімы.

Здавалася б, наперадзе ў Надзеі некалькі няспешных размераных гадоў водпуску па доглядзе за дзецьмі. Але, як сапраўдны прафесіянал, яна добра разумела, што сучасныя медыцынскія тэхналогіі на месцы стаяць не будуць. І каб ад іх не адстаць, маладая маці вырашыла вучыцца далей. Сяргей падтрымаў такое рашанне і клопаты па выхаванні дачушак узяў на сябе. Два гады жанчына разам з маленькім сынам жыла ў сваіх бацькоў у Віцебску і вочна вучылася ў клінічнай ардынатуры. Але на кожныя выхадныя спяшалася дадому.

Вось за гэты час у Сяргея і раскрыліся лепшыя бацькоўскія рысы. Дзяўчынкі заўсёды былі акуратна апрануты, ды і касічкі мужчына навучыўся заплятаць. Да таго ж пры сваёй адказнай рабоце супрацоўніка ўжо аддзела наркакантролю РАУС паспяваў з раніцы прыгатаваць ім смачны сняданак, абед — кожны дзень свежы.

Цяпер дзеці падраслі, сям’я жыве ў новай трохпакаёвай кватэры, дзе пануе шчырая атмасфера ўзаемапавагі, кахання і пяшчоты. Нягледзячы на шчыльны рабочы графік, Надзея і Сяргей шмат увагі надаюць рознабаковаму выхаванню сваіх дзяцей. У выхадныя дні яны абавязкова або выпраўляюцца даследаваць новыя мясціны горада, або едуць у лес ці ідуць у паход, любяць парыбачыць. Цёплым летнім ранкам дзеці разам з бацькам могуць пайсці паснедаць да возера. З за- хапленнем Насця, Каця і Дзіма шукаюць салодкія скарбы па цудоўнай карце, якую складае Сяргей.

З асцярожнасцю ставяцца бацькі да сучасных гаджэтаў, бо лічаць, што навакольны свет маленькія даследчыкі павінны спасцігаць непасрэдна. Аддаюць перавагу старым добрым казкам і мультфільмам.

— Але галоўнае, — кажа С. Сокалаў, — падаваць дзецям асабісты прыклад шчырых адносін і здаровага ладу жыцця.

З цёплым агеньчыкам у душы развіталася з гасціннай сям’ёй Сокалавых, якая, бясспрэчна, з’яўляецца трывалай цаглінкай нашага грамадства.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *