Сямейная пара Дубоўскіх працуе паштальёнамі ў Друйскім аддзяленні паштовай сувязі

Люди

1Сямейная пара Ліліі і Станіслава Дубоўскіх, якія працуюць паштальёнамі ў Друйскім аддзяленні паштовай сувязі, не першы год на добрым рахунку кіраўніцтва Браслаўскага РВПС. У іх адны з лепшых паказчыкаў па правядзенні падпіскі на перыядычныя выданні, па рэалізацыі спадарожных тавараў, ды і водгукі ад абслугоўваемых імі сельскіх жыхароў толькі станоўчыя. За добрасумленнае і прафесійнае выкананне службовых абавязкаў Лілія Дубоўская летась атрымала Ганаровую грамату Віцебскага філіяла РУП «Белпошта».

У сістэме Белпошты Лілія працуе з 2000 года. Шмат часу ўзначальвала Опліскае АПС, а пасля яго закрыцця кіраўніцтва РВПС назначыла яе ў якасці паштальёна пры суседнім Друйскім АПС. Але ж самае цікавае тое, што ўжо 14 год яна нясе ў дамы землякоў свежыя перыядычныя выданні і розныя тавары поплеч са сваім мужам Станіславам.

У зоне іх сумеснага абслугоўвання 113 двароў і 229 чалавек, у большасці сталага ўзросту. Самы аддалены хутар ад аддзялення сувязі знаходзіцца на адлегласці 11 км. Таму складана нават падлічыць, колькі штодзённа даводзіцца нагам пратаптаць кіламетраў, каб кожны жыхар непрыкметнага паселішча змог заўважыць свайго вясковага паштальёна.

— Для пажылых людзей у малана- селеных пунктах работнік пошты і цар і бог, — жартуе Лілія Сцяпанаўна. — Ён нясе ім не толькі свежую прэсу («Советскую Белоруссию», дарэчы, амаль у кожны дом), спадарожныя харчовыя і прамысловыя тавары, пенсіі, але і прымае плацяжы за газ, ваду, электрычнасць, тэлебачанне, па крэдытах. Да таго ж афармляе заяўкі на тавары праз інтэрнэт-магазін. Напрыклад, даволі часта заказваюць вёдры, парнікі, посуд, вопратку.

— Няўжо і гэтыя зусім не дробныя рэчы нясе заказчыку паштальён? — цікаўлюся ў сямейнай пары.

— У сістэме РУП «Белпошта» існуе паслуга «Паштовы кур’ер», — тлумачыць Станіслаў Дубоўскі. — Калі заказчык пажадае атрымаць пасылку не ў аддзяленні паштовай сувязі, а дома, то за пэўную плату паштавікі абавязкова даставяць яе на месца.

Зразумела, што Лілія Сцяпанаўна і Станіслаў Вікенцьевіч не заходзяць разам у адзін дом, а абслугоўваюць гаспадароў розных двароў і населеных пунктаў, але сапраўды працуюць у сямейным тандэме, заўжды падтрымліваючы адзін аднаго, — добрым словам, парадай, рэальнай падменай у выпадках, калі, скажам, хто з іх недамагае.

За шмат гадоў сумеснай работы Лілія і Станіслаў дасканала ведаюць запыты вяскоўцаў, каму што найбольш даспадобы з перыядычных выданняў ці трэба даставіць з ліку штучных тавараў, любяць і ўмеюць мець зносіны з людзьмі. Так і ідуць поплеч вясковыя паштальёны па жыцці і працы, разумеючы адзін аднаго з паўслова.

■ Казімір ПЯТУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *