Пра што пісала «Браслаўская звязда» 15 гадоў таму назад (верасень 2002-га)

Калейдоскоп

1ДРЫСВЯТАМ — 600!

У апошні дзень жніўня ў Дрысвятах адбылася ўрачыстасць, якая надоўга запомніцца ўсім сялянам: вёска адзначала 600-годдзе свайго заснавання. Пасля ўрачыстага адкрыцця свята прагучала легенда пра ўзнікненне паселішча, а самадзейныя артысты ўвасобілі яе на сцэне. Затым ушанавалі пераможцаў конкурсу на лепшы двор, самабытных майстроў, паэтаў і спевакоў, ветэранаў вайны і працы, не забыліся пра самых маленькіх і старажылаў. Свята ўдалося на славу!

ПЕРАМОЖЦЫ МАЛАДЗЁЖНАГА СПАБОРНІЦТВА

Падведзены вынікі раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод маладзёжных экіпажаў. У ім прынялі ўдзел 13 камбайнераў. Першае месца заняў Валерый Анісімаў з калгаса «Маяк», які на «Доне-1500» намалаціў 341 тону зерня, другім стаў Віктар Ваштаевіч з гэтай жа гаспадаркі — на яго рахунку 339 т, трэцяе месца дасталося Івану Радзевічу з калгаса «Мяжаны» з вынікам 324 т.

ПОВЯЗЬ ЧАСОЎ

У пачатку верасня на панадворку музея традыцыйнай культуры адбылося «Свята майстроў» — мерапрыемства, якое, па агульным уражанні, абяцае стаць у культурным жыцці раёна падзеяй года. Работнікам музейнага аб’яднання ўдалося не проста сабрать людзей і прадэманстраваць нацыя- нальныя рамёствы, а і злучыць сівую даўніну з сучаснасцю.

НОВАЯ ТЭХНАЛОГІЯ АТЭСТАЦЫІ ВУЧНЯЎ

З гэтага навучальнага года ўсе школы пераходзяць на новую 10-бальную сістэму атэстацыі вучняў. Гэта даволі радыкальны крок не толькі ў спосабе ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў школьнікаў, але ён датычыць і матывацыі іх да вучэбнай дзейнасці. Плюсам 10-бальнай сістэмы ацэнкі з’яўляецца і тое, што яна выконвае як стымулюючую, так і кантрольную функцыю, дазваляе прасочваць узровень развіцця дзіцяці.

ЦУКРОВЫ ПОПЫТ БУДЗЕ ЗАДАВОЛЕНЫ

За сем месяцаў 2002-га года рэалізацыя цукру ў рэспубліцы знізілася на 76,7 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта звязана з неапраўдана вялікімі запасамі, якія пакупнікі зрабілі ў перыяд леташняга нарыхтоўчага сезона, паддаўшыся ажыятажу. Цяпер сітуацыя на спажывецкім рынку застаецца спакойнай, у насельніцтва праблем з набыццём цукру не было.

МАЛАДЗЁЖНАЕ АБ’ЯДНАННЕ НОСІЦЬ НАЗВУ БРСМ

Шостага верасня ў Мінску адбыўся з’езд двух маладзёжных аб’яднанняў краіны — Беларускага патрыятычнага саюза моладзі і Беларускага саюза моладзі. Усе 672 дэлегаты з’езду, сярод якіх была і прадстаўніца Браслаўскага раёна Надзея Кавалеўская, прагаласавалі за зліццё гэтых двух аб’яднанняў у адну маладзёжную арганізацыю — Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі (БРСМ).

ПАПУЛЯРНАСЦЬ БРАСЛАЎЧАНКІ

Фотаздымак Эвеліны Казіміраўны Друсь надрукаваны ў сёмым нумары галандскага часопіса Eiuko guit, і там жа змешчаны невялікі расказ пра самабытную беларускую майстрыху. Так на схіле гадоў да нашай зямлячкі прыйшла шырокая вядомасць. Гэтай папулярнасці браслаўчанкі шчыра парадаваліся ў клубе «Ля возера» і ў музейным аб’яднанні, дзе больш як 10 гадоў таму назад «адкрылі» таленавітую майстрыху і пачалі выстаўляць яе работы.

АРМІЯ БЕСПРАЦОЎНЫХ РАСЦЕ

Беспрацоўе па-ранейшаму маладое. З тых 309 чалавек, што стаяць на ўліку ў службе занятасці, кожны другі не дасягнуў 30-гадовага ўзросту. З аднаго боку, у працаздольны ўзрост уступіла пакаленне «дэмаграфічнага буму» 1982 — 1986 гадоў, з другога — статыстыка скарачэнняў таксама не радуе. Сярод беспрацоўных 51 % складаюць жанчыны, вакансіі ж у асноўным сарыентаваны на мужчын. Практычна не запатрабаваны бухгалтары, тэхнолагі, юрысты.

ІЛЬНЯНОМУ ПОЛЮ — ПРАЦАВІТЫЯ РУКІ

Быў час, калі кіраўнікі гаспадарак усімі сіламі імкнуліся адмовіцца ад сяўбы льну: клопату шмат, а вынік не заўсёды чаканы. З правядзеннем у раёне спецыялізацыі па вырошчванні асобных культур сітуацыя мяняецца. Цяпер ільнаводчыя гаспадаркі думаюць ужо не толькі пра тое, як хутчэй сабраць трасту з палёў і абы спіхнуць на завод, але і пра прыбытак. Напрыклад, у мінулым годзе ў саўгасе «Друйскі» за атрыманую выручку 4 месяцы плацілі людзям зарплату.

САД БУДУЧЫНІ?

Цяпер нарыхтоўчым арганізацыям накладна завозіць садавіну з-за мяжы і яны шукаюць прадукцыю на ўнутраным рынку. Таму ў калгасе «Партызан» зрабілі першы крок на шляху аднаўлення садаводства. Сёлета там заклалі гадавальнік, у якім высадзілі 3 500 яблынь і 1 800 кустоў чырвоных і чорных парэчак. Паралельна ў гаспадарцы ўзяліся за ўзвядзенне сховішча, бо вырасціць садавіну — адна справа, а захаваць яе — зусім іншая.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *