Не дае надвор’е разагнацца на жніве

Актуальное

Зусім не ўборачным выдаўся мінулы тыдзень для хлебаробаў раёна. Ліўневыя дажджы практычна прыпынілі ўсе палявыя работы. Ды і ў рэдкія пагодныя дні выпраўляць на палеткі камбайны не было ніякага сэнсу: і глеба пераўвільготнена, і збожжа сырое.

1
Вадзіцель Іван Пузырэўскі, камбайнеры Франц Пузырэўскі і Канстанцін Бурэль настроены хутчэй завяршыць жніво.

Вось і ў субботу, калі прыехаў на мехдвор КУСП «Браслаўскі», механізатары гадалі, змогуць выехаць на жніво ці не. З пачатку ўборачнай кампаніі абмалот збожжа ў гаспадарцы вёўся даволі высокімі тэмпамі, і іх вельмі не хацелася зніжаць.

Праўда, убраць там патрэбна ўсяго 470 гектараў збожжавых і зернебабовых, але ж і тэхнічная аснашчанасць адпавядае плошчам: тры камбайны ды МАЗ на адвозцы. І гэтымі сіламі ўборку азімага кліна завяршылі аднымі з першых. А паколькі яравыя культуры стаялі зялёнымі, 2 збожжаўборачныя агрэгаты накіравалі на дапамогу ў ААТ «Мяжаны», дзе працавалі чатыры дні.

Выконваючы абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кірчанка, які ўзначаліў яго літаральна перад самым жнівом, лічыць, што не здарылася б такой «прабоіны» ў небе, уборку збожжавых і зернебабовых яны б закончылі аднымі з першых. Значна большы галаўны боль у кіраўніка выклікае стан сушыльнай гаспадаркі, якой практычна і няма. Насенне рапсу вазілі сушыць у аграсэрвіс, з «Маяком Браслаўскім» па даўгах разлічваліся сырым зернем. З горам папалам неяк перасушылі толькі насенны матэрыял азімых культур. З яравымі ж будзе значна цяжэй. Падсеяныя травы пайшлі ў рост, не «спіць» і пустазелле, зерне ж адпілося на карані. І калі надвор’е дасць магчымасць набраць тыя ж тэмпы, з якімі малацілі азімыя, самі перасушыць намалочанае наўрад ці змогуць.

Як станоўчае, трэба адзначыць і тое, што ў гэтым годзе ў «Браслаўскім» азімыя культуры далі па 23,2 цэнтнера з гектара. Больш малоцяць толькі ў «Мая- ку Браслаўскім» і столькі ж у «Агравідзах». Для самой гаспадаркі гэта даволі высокая ўраджайнасць. А вось што намалоцяць з яравых культур, пакуль невядома. Ды сёння і сказаць цяжка, якім далей будзе ўраджай і як яго давядзецца ратаваць.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *