Малады спецыяліст Ілья Асіпенка — галоўны аграном ААТ «Альшанка»

Люди Экономика и финансы

У жніўні сельгаспрадпрыемствы раёна папоўніліся маладымі кадрамі. Адны з іх будуць набірацца вопыту пад наглядам спрактыкаваных калег, іншыя — адразу занялі пасады галоўных спецыялістаў. У ліку апошніх і Ілья Асіпенка, які пасля заканчэння сельгасакадэміі быў прызначаны на пасаду галоўнага агранома ААТ «Альшанка».2

У час нашай размовы, калі Ілья сказаў, што родам ён з Салігорска, адразу ж задаў пытанне: «Салігорскія хлопцы імкнуцца паступіць у мясцовыя горна-тэхналагічныя каледжы, а ты чаму выбраў сельскую гаспадарку?»

Хлопец не стаў крывіць душой і адказаў, што яму па выніках цэнтралізаванага тэсціравання туды не хапала балаў, таму разам з сябрам выбралі агранамічнае аддзяленне Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа. Агранамія захапіла гарадскога хлопца настолькі, што вучыў яе з інтарэсам. Атрымаў чырвоны дыплом і паступіў у Горацкую сельгасакадэмію.

Пры размеркаванні прапанавалі ехаць у «Альшанку» Браслаўскага раёна. Што гэта за гаспадарка, якое там фінансавае становішча, узровень агратэхнікі, Ілья не здагадваўся. Але прызнаецца, што адчуў запал, самалюбства, калі адразу прапанавалі пасаду галоўнага агранома.

— Расчараваўся?

— Не скажу. Зразумела, хацелася б прымяніць атрыманыя веды на практыцы ў больш прывабных умовах, аднак, з іншага боку, нават і не горш, што з першага дня давялося спасцігаць усё самому. Я ж прыехаў якраз у той дзень, калі камбайны выйшлі малаціць насеннікі траў. Адразу пачаў прыкідваць, як будзем жаць збожжавыя. У нейкім сэнсе мне пашанцавала, што гаспадыня, якая ўзяла мяне на кватэру, пэўны час працавала аграномам, а затым землеўпарадкавальнікам у сельсавеце. Яна мяне ўводзіла ў курс спраў, падказвала, дзе і якія культуры размяшчаць лепш за ўсё гэтай восенню. Таму ўжо маю ўяўленне пра арганізацыю восеньскіх палявых работ і закладку ўраджаю наступнага года, якога, на жаль, збіраць не давядзецца.

Так. Хлопцы, якія пасля ВНУ прыходзяць працаваць у нашыя гаспадаркі, у восеньскі прызыў адпраўляюцца служыць у армію. Гэта чакае і Ілью. Ён не ўпэўнены, што пасля заканчэння службы абавязкова вернецца ў «Альшанку». Але казаў, што выпадкова выбраная прафесія яго захапіла, а першая ў жыцці ўборачная кампанія, якая ў гаспадарцы праходзіць высокімі тэмпамі, яшчэ раз пераканала ў тым, што ён на правільным шляху.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *