БУДЗЬЦЕ АСЦЯРОЖНЫМІ З НЕЗНАЁМЦАМІ

Человек и закон

Гасціннасць беларусаў… Колькі вершаў і прымавак складзена пра гэтую добрую рысу характару нашага народа. І сёння нават незнаёмага чалавека адразу запросяць у хату, асабліва ў вёсках. А менавіта на гэтым і спекулююць нячыстыя на руку людзі. Зламыснікаў толькі заахвочвае сталы ўзрост іх патэнцыяльных ахвяр.

Дзеля эксперыменту наконт пільнасці грамадзян разам з супрацоўнікамі РАУС, ТЦСАН і РАНС, якія не першы год штотыдзень наведваюць адзінокіх пенсіянераў, накіравалася ў чарговы рэйд да сталых Цяцеркаўскага сельсавета.

1
Участковы інспектар РАУС Віталь Маслоўскі, супрацоўнік ТЦСАН Настася Салачонак і інспектар па наглядзе і прафілактыцы РАНС Яўген Пяткевіч праводзяць гутарку з Антонам Іёдчыкам.

У Іказні наша машына спынілася каля дома ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Антона Іёдчыка. Па дамоўленасці з рабочай групай спачатку адна накіравалася да пенсіянера. Гаспадар адчыніў дзверы і запрасіў увайсці ў хату. Нават не спытаў, хто я такая. У мяне і дар мовы знік…

Усё ж ужо на кухні пачала тлумачыць, што я сацыяльны работнік і знаёмлюся з умовамі жыцця сталых жыхароў.

— Калі ласка, глядзіце, — лагодна дазволіў Антон Уладзіміравіч.

Без цырымоніі прайшлася па ўсіх пакоях, пацікавілася, з кім жыве гаспадар. На ўсе свае пытанні атрымала дакладныя адказы. Спытай ў гэтага дабрадушнага старога, дзе ляжаць грошы, ён, бадай што, праўдзіва адказаў бы: «Там, у шафе на паліцы».

Працягваць розыгрыш не змагла і паклікала сваіх суправаджальнікаў.

Пасля праверкі печак і АПА, удакладнення асабістых звестак пенсіянера супрацоўнікамі РАНС і ТЦСАН участковы інспектар РАУС Віталь Маслоўскі расказаў А. Іёдчыку пра махляроў, якія ашукваюць сталых грамадзян, патлумачыў, што рабіць, калі ў дзверы пастукалі незнаёмцы. Гаспадар уважліва выслухаў усе рэкамендацыі супрацоўніка міліцыі. Але ў канцы размовы спакойна адзначыў, што хутчэй за ўсё пра гэтае настаўленне забудзецца. Далей накіраваліся ў суседнюю вёску Калеснікі да адной сталай сям’і.

Гаспадары сустрэлі мяне на панадворку і пацікавіліся пра сутнасць майго візіту. На гэты раз прадставілася супрацоўнікам энергазбыта, які правярае паказанні лічыльнікаў электраэнергіі. Мяне запрасілі ў хату. Ні жанчыну, ні мужчыну не ўсхвалявала адсутнасць на мне форменнага адзення. Гаспадыня пачала прыбіраць са стала талеркі, і ў пакоі я засталася адна. А прафесіянальным махлярам патрэбна ўсяго некалькі хвілін, каб выкарыстаць такую зручную для сябе сітуацыю.

У наступнага пенсіянера наогул дзверы былі не зачынены. Свабодна зайшла ў хату і зноў сутыкнулася з даверлівасцю і наіўнасцю.

І што тут казаць: душа ў вяскоўцаў наросхрыст. Урэшце, як і дзверы.

Безумоўна, з гэтымі грамадзянамі ўчастковы інспектар правёў тлумачальную гутарку, нагадаў быць пільнымі і ўважлівымі ў адносінах да незнаёмых людзей. Застаецца толькі спадзявацца, што сталыя людзі засвоілі гэты неабходны ўрок. Між тым, адзначае В. Маслоўскі, выкананне простых правілаў дапаможа не стаць ахвярамі махляроў, засцерагчы сябе і блізкіх.

• Калі да вас у дзверы пазвоняць ці пастукаюць незнаёмыя, не спяшайцеся адчыняць, кім бы яны ні прадставіліся. Даведайцеся пра мэту іх наведвання, ні ў якім разе не ўпускайце ў кватэру. Папрасіце прад’явіць дакументы. Калі яны не могуць гэтага зрабіць, выклікайце міліцыю. Паведаміце пра гэты візіт сваім сваякам або суседзям.

• Не давярайце першым сустрэчным, па магчымасці пераправярайце ўсе звесткі пра грамадзян, якія прапануюць вам «бясплатную» дапамогу. Будзьце асцярожнымі пры зносінах з незнаёмымі людзьмі, не спяшайцеся ўступаць з імі ў здзелкі.

• Не пакідайце састарэлых сваякоў надоўга без увагі. Рэгулярна тлумачце ім, як небяспечна ўпускаць у кватэру чужых. Нагадайце ім званіць у міліцыю, калі незнаёмцы стукаюць у дзверы і настойліва просяць упусціць у кватэру.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *