Браслаўчане на свяце мовы ў суседзяў

В свободное время Калейдоскоп

Для ўсіх беларусаў 2017 год адметны. 500 гадоў таму назад надзвычай таленавіты палачанін Францыск Скарына не толькі ўразіў сваімі ведамі еўрапейскіх вучоных, але і стварыў друкаваную кнігу на роднай мове. Ці маем мы права не ўлічваць гэты факт, пераступіць праз яго дасягненні?бел. письмо

Па ўсёй краіне святкаванне Дня беларускага пісьменства прайшло з ушанаваннем імені нашага знакамітага першадрукара. Не стала выключэннем і мерапрыемства ў Шаркаўшчынскім цэнтры культуры, якое адбылося 9 верасня. Па запрашэнні гаспадароў удзел у ім прынялі сябры браслаўскага літаратурнага аб’яднання «Ветразь надзеі» Данііл Валчок і Людміла Патапенка, а таксама аматар старажытнай музыкі Галляш Сялява.

Арганізатарам свята стала літаратурна-музычнае аб’яднанне «Світанак». На сустрэчу былі запрошаны журналісты, паэты і пісьменнікі, музыкі з Глыбоччыны, Браслаўшчыны і Шаркаўшчыны. Атмасфера мерапрыемства атрымалася шчырая, цёплая і ўтульная. Музыкі і спевакі дарылі прысутным пяшчоту і мілагучнасць роднай мовы, а паэты ўслаўлялі прыгажосць нашага краю, лашчылі слых вершаваным словам.

Браслаўчане таксама падзяліліся з удзельнікамі свята сваім паэтычным і музычным майстэрствам. Данііл Валчок прачытаў вершы, якія ўразілі прысутных мудрасцю, сапраўднымі філасофскімі залацінкамі ды дасціпным гумарам. Людміла Патапенка выступіла са сваімі паэтычнымі спробамі, а Галляш Сялява здзівіў слухачоў майстэрскім іграннем на дудзе.

Свята беларускага пісьменства дазволіла ўсім яго неабыякавым удзельнікам не толькі выказаць заклапочанасць далейшымі шляхамі развіцця роднай мовы і культуры, але і адчуць гонар за высокія дасягненні сваіх землякоў.

Скарына апярэдзіў свой час, і мы, нашчадкі першадрукара і асветніка, павінны захаваць яго каштоўную спадчыну.

Шануйце роднае слова,

Бо ў ім нашых дум чысціня,

Бо мова — выток, і аснова,

І годнасць твая і мая.

■ Людміла ПАТАПЕНКА,

сябра літаратурнага аб’яднання «Ветразь надзеі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *