Уборачныя прыярытэты «Слабодкі-агра». Інтэрв’ю з галоўным аграномам гаспадаркі

Деньги

33Па плошчы збожжавага кліна ААТ «Слабодка-агра» займае чацвёртае месца ў раёне, па наяўнасці камбайнаў — шостае. На сярэдзіну мінулага тыдня па абмалочаных плошчах сельгаспрадпрыемства значылася толькі восьмым, па ўраджайнасці — шостым.

Пра асаблівасці сёлетняй уборачнай кампаніі ў гаспадарцы «Браслаўскай звяздзе» расказаў галоўны аграном акцыянернага таварыства Пётр Карандзей.

— Пётр Іванавіч, гляджу ў сённяшнюю зводку пра ход уборкі ўраджаю і вачам не веру: пры папярэдняй ураджайнасці збожжавых палеткаў у 26 цэнтнераў з гектара ўчора вашы камбайнеры намалацілі толькі па 14. Няўжо так будзе і далей?

— Ды не. Вы ж ведаеце, што мы шмат увагі надаём вырошчванню насення шматгадовых траў, таму кожны год сотні гектараў збожжавых падсяваем імі. Дык вось учора паехалі жаць жыта, падсеянае ка- нюшынай, а яна настолькі пайшла ў рост, што камбайны проста «давіліся»масай. Таму і сёння механізатары яшчэ чысцяць агрэгаты. Каб больш такога не здарылася, рашылі тыя палеткі не малаціць, а скасіць масу на зернесянаж. Такім чынам папоўнім запасы спажыўнага корму, бо на багаты ўраджай кукурузы разлічваць не даводзіцца.

— Ранняспелыя насеннікі траў вы ўжо абмалацілі. Якая ўраджайнасць?

— Парадаваў аднагадовы райграс, насення якога ў чыстай вазе намалацілі паўтары тоны. А райграс-аўсянага гібрыду маем каля 20 тон. Хопіць і сабе на насенне, і будзе што прадаць. Насенне траў, як вядома, і попытам карыстаецца, і цану за яго высокую даюць.

— Пётр Іванавіч, але ж «Слабодка-агра» яшчэ і адзіная ў раёне гаспадарка, якая вырошчвае півавараны ячмень.

— Гэтым мы займаемся пастаянна, толькі мінулы год прапусцілі. У гэтым жа вясной заключылі дагавор з «Белсоладам» на пастаўку 100 тон зерня. Атрымалі крэдыт. Культурай занялі 110 гектараў. Таму намалоцім з запасам. Зразумела, што вырошчванне піваваранага ячменю патрабуе большых расходаў, але ж і каштуе ён значна даражэй за фуражны. Таму ў накладзе не застанёмся.

— А як арганізавана праца на збожжавых палетках? Гляджу, хутка будзе 11 гадзін, а камбайны яшчэ мехдвор не пакінулі.

— Як ужо гаварыў, сённяшняя затрымка выпадковая, з-за ўчарашняга няўдала выбранага поля. Звычайна ж у 9 гадзін усе камбайны ўжо знаходзяцца на палетках, і, як спадзе раса, адразу ўключаемся ў работу. Малоцім, пакуль зноў не выпадзе раса. А сённяшнюю затрымку нагонім. Дарэчы, пра ўраджайнасць. Думаю, што на збожжавых палетках мы атрымаем 25-26 цэнтнераў з гектара. Гэта наш арыенцір, і яго, як правіла, прытрымліваемся. Пастараемся і па ўбраных плошчах выйсці на сярэднераённы ўзровень.

■ Гутарку вёў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.