ПМК-42 : у першым паўгоддзі спрацавалі з прыбыткам

Деньги

Напярэдадні прафесійнага свята адміністрацыя ПМК-42 запрасіла сваіх работнікаў у актавую залу прадпрыемства, каб павіншаваць з Днём будаўніка, падвесці вынікі работы за першае паўгоддзе і ўручыць узнагароды тым, чый уклад у валавы прадукт будаўнічай арганізацыі найбольш важкі.

1
Павел Дзямковіч уручае Ганаровую грамату УП «Полацк- сельбуд» аператару раствора-бетоннай устаноўкі Юрыю Кавалеўскаму.

Выступленне дырэктара механізаванай калоны Паўла Дзямковіча было лаканічным і зразумелым кожнаму. Сярод філіялаў унітарнага прадпрыемства «Полацксельбуд» толькі ПМК-42 за 6 месяцаў года спрацавала з прыбыткам.

Акрэсліваючы вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці, перад усім працоўным калектывам дырэктар падкрэсліў, што ПМК-42 мела неабходны аб’ём падрадных работ найперш за ўсё дзякуючы зацікаўленасці ў гэтым раённай улады. З прыбыткам будаўнікі спрацавалі на ўзвядзенні долевага дома, на рамонце дома па вуліцы Кастрычніка і гімназіі, інжынерных сетак у Мёрах. А вось на васьмі іншых аб’ектах фінансавы вынік роўны нулю. І Павел Дзямковіч засяродзіў увагу на такіх акалічнасцях, як якасць выконваемых работ, павышэнне прадукцыйнасці працы і павелічэнне выпрацоўкі на аднаго работніка, змяншэнне затрат.

Хоць тэмп росту прадукцыйнасці працы перавышае рост зарплаты (каэфіцыент суадносін 1,14), у параўнанні з мінулым годам выпрацоўка на аднаго работніка з 11,6 тыс. руб. узрасла да 13,4 тыс. руб., але гэтага мала, зазначыў дырэктар, каб сярэдняя зарплата дасягнула 600 — 700 руб., а не была 480 руб., як сёння.

Павел Дзямковіч шчыра павіншаваў працоўны калектыў прадпрыемства з Днём будаўніка і ўручыў ганаровыя граматы, падзякі камітэта архітэктуры і будаўніцтва аблвыканкама, унітарнага прадпрыемства «Полацксельбуд» і ўласнай арганізацыі 19-і працаўнікам, чый уклад у агульную скарбонку механізаванай калоны найбольш значны, — цеслярам, тынкоўшчыкам, мулярам, зваршчыкам, электраманцёрам, трактарыстам і работнікам іншых будаўнічых спецыяльнасцей.

Прэміяльныя напярэдадні прафесійнага свята атрымаў і кожны працаўнік арганізацыі. Спрацаваўшы з прыбыткам, ПМК-42 атрымала магчымасць ушанаваць сваіх работнікаў не толькі добрым словам, але і падтрымаць матэрыяльна.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.