Юбілей беларускага кнігадрукавання мае сусветную значнасць і ўнесены ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Помнікі Ф. Скарыне ўсталяваны ў Мінску, Полацку, Лідзе, а яшчэ ў Калінінградзе, Вільнюсе і Празе. У яго гонар названы вуліцы, вучэбныя ўстановы, бібліятэкі і грамадскія аб’яднанні, а таксама вышэйшыя ўзнагароды Беларусі. Вашай увазе 10 фактаў пра гэтую слынную постаць.
ФАКТ 1
Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца. Даты нараджэння і смерці дакладна невядомы. Большасць гісторыкаў лічыць, што гэта 1490 — 1551.
ФАКТ 2
Першапачатковую адукацыю вядомы беларус атрымаў у Полацку. Пасля вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і Падуанскім універсітэце. Ён быў медыкам, батанікам, валодаў ведамі па астраноміі, пра што сведчыць яго каляндар, знойдзены ў Капенгагене ў рэдкім экзэмпляры «Малой падарожнай кніжыцы».
ФАКТ 3
Шостага жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет кніга Бібліі на старабеларускай мове — «Псалтыр». Менавіта гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання. Унікальнасць кнігі яшчэ і ў тым, што наш зямляк змясціў у выданні свой партрэт, што было ў навінку на той час.
ФАКТ 4
Друкарская дзейнасць Скарыны працягвалася на тэрыторыі ВКЛ. У наладжанай у Вільні друкарні з 1522 года па 1525 гг. ён выдаў дзве кнігі: «Малую падарожную кніжыцу» і «Апостал».
ФАКТ 5
Скарынаўская Біблія стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян, якая апярэдзіла амаль на 50 гадоў рускае выданне. Да гэтага ў другой палове ХV ст. былі надрукаваны немецкі, лацінскі і чэшскі пераклады, а французскія і італьянскія варыянты з’явіліся толькі ў сярэдзіне ХVIII ст.
ФАКТ 6
Францыск Скарына надрукаваў паслядоўна 20 кніг Старога Запавету (яшчэ называецца лічба ў 23 кнігі — калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку). Большасць з іх выдадзена ў 1517 — 1519 гадах. Вядома пра існаванне асобных рукапісных кніг.
ФАКТ 7
У надрукаваных кнігах былі прадмовы і пасляслоўі самога Скарыны. У выданнях змешчана 51 гравюра. На тытульным аркушы Бібліі адлюстравана, як лічаць даследчыкі, выява пячаткі (герба) аўтара.
ФАКТ 8
Тыраж кніг, якія выдаў Ф. Скарына, складаў 200 — 300 асобнікаў. Ёсць звесткі, што некаторыя кнігі выдаваліся тыражом да 1,5 тысяч асобнікаў. Лічыцца, што з друкарні ў Празе выйшла каля 10 тысяч кніг.
ФАКТ 9
Захаваўся толькі адзін прыжыццёвы партрэт Скарыны — у яго выданнях. Таксама некаторыя лічаць, што выяву друкара можна пабачыць на фрэсцы Рафаэля, з якім беларус мог сябраваць падчас вандроўкі па Італіі.
ФАКТ 10
Кнігі Ф. Скарыны захоўваюцца ў некалькіх краінах Еўропы. На сёння вядома пра 519 друкаваных экзэмпляраў і 45 рукапісных копій. У Беларусі захоўваецца некалькі арыгіналаў. Яны ўнесены ў спіс гісторыка-матэрыяльных каштоўнасцей і ахоўваюцца на дзяржаўным узроўні.
■ Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.