Маніторынг арганізацыі гарачага харчавання на жніве

Деньги

На мінулым тыдні «Браслаўская звязда»разам з райкамам прафсаюза работнікаў АПК праводзіла параўнальны маніторынг арганізацыі гарачага харчавання на жніве. Выбар аб’ектаў быў спантанным: кожны з двух бакоў назваў па сельгаспрадпрыемстве. Выпала наведаць ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» і «Слабодка-агра».

1
Святлана Шпак і Анастасія Копцева за прыгатаваннем ежы.

Перад пачаткам сёлетніх палявых работ дырэкцыя аграсэрвіса прыклала нямала намаганняў, каб давесці да ладу памяшканне сваёй сталоўкі, дзе цёк дах, аблупіліся сцены і столь. Зразумела, да ідэальнага стану ўсё не давялі, аднак сёння як абедзенная зала, так і кухня адпавядаюць санітарным патрабаванням.

Харчаванне рыхтуюць 2 чалавекі: загадчыца Святлана Шпак і повар Анастасія Копцева. Варта адзначыць, што першая доўгі час працавала ў рэстаране, таму вопыт у прыгатаванні страў мае багаты. Абеды і падвячоркі на палеткі возіць спецыяльна прыстаўлены вадзіцель. Першую страву — у агульным тэрмасе, другія — у індывідуальных.

У «Слабодцы-агра» памяшканні сталовай і кухні таксама адпавядаюць існуючым патрабаванням санітарыі. Працуюць там тры чалавекі: загадчыца і два повары. А паколькі стравы дастаўляюць у агульных тэрмасах, то на іх раздачу па чарзе выязджаюць повары.

Вось чым кормяць у гэтую гарачую пару людзей, занятых на ўборачнай. Для параўнання былі ўзяты 3 папярэднія дні: 9, 10 і 11 жніўня.

У аграсэрвісе: капуста свежая, супы рысавы і ячны, пюрэ з катлетай, гуляш, плоў — днём; макарона з каўбасой дамашняй, рыс з вэнджанай каўбасой, пюрэ з катлетай і свежым агурком — вечарам. Напітак з булкай ці пячэннем.

У «Слабодцы-агра»: суп гарохавы, расольнік, боршч, грэчка са шніцалем, гуляш, макарона са шніцалем — днём; макарона з тушонкай, галубцы, грэчка з тушонкай — вечарам; напітак.

Як бачна, меню не надта розніцца, як і цана: у першай гаспадарцы за абед і падвячорак з механізатараў утрымліваюць 1,6 руб., у другой — 1,7 руб. — гэта каля чвэрці ад сабекошту. Яшчэ варта адзначыць, што порцыі механізатарам даюць далёка не рэстаранныя, а значна большыя, таму не давялося чуць, што хтосьці недаядае. Быў другі папрок: узгаданыя дні стаялі спякотныя, таму замест супу ці баршчу механізатарам больш хацелася халадніку.

Разам з дастаўкай яды на поле прывозяць ваду, мыла, ручнікі. Есці даводзіцца прама на палетках.

У цэлым можна сказаць, што ва ўзятых для маніторынгу сельгаспрадпрыемствах арганізацыя гарачага харчавання не выпадае з поля зроку кіраўнікоў, людзі не наракаюць, а значыць, і маюць стымул працаваць больш шчыра.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.