Пагранічны пост «Відзы» адзначыў свой першы юбілей

Государственная пограничная политика Калейдоскоп

Пагранічны пост «Відзы» можна ўбачыць з розных куткоў гарадскога пасёлка. Вялікі сучасны будынак выдзяляецца сярод іншых, бо з’яўляецца адным з самых новых у населеным пункце. А вось сам пагранпост існаваў раней і 5 жніўня адзначыў 5-годдзе — свой першы юбілей.

2
Павел Мішчанка і Аляксандр Жаўнерык абмяркоўваюць пытанні аховы мяжы

Здавалася б, дата невялікая, аднак такая падзея значная для былых і сённяшніх ваеннаслужачых, мясцовага насельніцтва, а таксама ўсяго Полацкага пагранічнага атрада. Яна ж — добрая нагода звярнуцца да гісторыі. Першапачаткова ўсю навакольную тэрыторыю ахоўвалі пагранічнікі паста «Пакульня». Потым было прынята рашэнне адкрыць пост «Відзы» і даверыць яму ахову самага складанага ўчастка. Пакуль пагранічнікі туліліся ў невялікім старым будынку, па праграме абсталявання знешніх межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі будаваўся новы. Сёння ён самы сучасны і абсталяваны ў Полацкім пагранічным атрадзе. Аднак не тэхніка здольная спыніць парушальнікаў, а ваеннаслужачыя, якія яе выкарыстоўваюць. І так склалася, што на службу на пост траплялі толькі самыя адказныя і верныя справе людзі. Ды і кіравалі ім лепшыя. Першым начальнікам быў вопытны і адказны Антон Бондараў, потым яго месца заняў малады і перспектыўны Павел Мацкевіч, а літаральна некалькі тыдняў таму назад пасаду начальніка паста атрымаў Павел Мішчанка. У новага кіраўніка шмат планаў, і, як зазначае Павел, гэта пад сілу з такім калектывам.

1
Старшы інспектар Андрэй Падгайскі са сваім сабакам Рэджам.

Участак мяжы з Літвой, які ахоўваюць пагранічнікі, не самы лёгкі. Па тэрыторыі цячэ рака, ёсць балота. Такую мясцовасць звычайна і выбіраюць кантрабандысты ці нелегальныя мігранты. Да таго ж на ўчастку адказнасці паста знаходзіцца пункт спрошчанага пропуску. Тым не менш, ганарыцца вайскоўцам у зялёных фуражках сапраўды ёсць чым. За 5 гадоў пост набыў статус лепшага не толькі ў атрадзе. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці ў 2016 годзе пост «Відзы» стаў першым у краіне. Пра выдатную работу сведчаць таксама іншыя шматлікія перамогі ў розныя гады, колькасць затрыманых нелегалаў і кантрабандыстаў. Гэта было б немагчыма без надзейнага калектыву, які не раз даказваў свой прафесіяналізм і адданасць справе. Многія ваеннаслужачыя з Відзаў, таму можна ўпэўнена сказаць, што землякі верна і годна нясуць службу на мяжы. Цяжка нават пералічыць, колькі ўзнагарод за гэты час атрымаў асабовы склад паста. Толькі па выніках мінулага года Павел Мацкевіч быў прызнаны лепшым начальнікам паста ў рэспубліцы, Міхаіл Хоміч — лепшым кінолагам у Полацкім пагранічным атрадзе, а Аляксандр Ціхановіч — лепшым начальнікам аддзялення па рабоце з насельніцтвам.

Дарэчы, мясцовыя жыхары актыўна дапамагаюць пагранічнікам: паведамляюць пра невядомых каля мяжы, выступаюць у якасці добраахвотных памочнікаў. Ды і пагранічнікі ідуць насустрач відзаўчанам. Сустракаюцца з імі, удзельнічаюць у жыцці гарадскога пасёлка, цесна супрацоўнічаюць са школьнікамі.

Нягледзячы на тое, што ў кожнага свая пасада, працуюць разам на агульны вынік. Вось і ў дзень юбілею пагранічнікі паста, былыя ваеннаслужачыя разам сабраліся на ўрачысты мітынг, кіраўніцтва павіншавала іх з юбілеем, а потым яны зноў прыняліся за справы, бо на мяжы не бывае выхадных.

МАЛАДЫЯ І ВОПЫТНЫЯ ПАГРАНІЧНІКІ РАСКАЗАЛІ ПРА СЛУЖБУ НА МЯЖЫ:

Аляксей САПРЫКІН, старшы інспектар па рабоце з насельніцтвам:

— Служу па пасту з моманту яго заснавання. Усе ўмовы для работы створаны, ёсць неабходная тэхніка і абсталяванне. Па службе працую ў асноўным з мясцовым насельніцтвам. Сам родам з Відзаў, таму знаходзіць агульную мову нескладана.

Юрый БІЧЭЛЬ, начальнік 3-га аддзялення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння:

— Аднойчы змяніў грамадзянскую прафесію на пагранічную. І з таго часу ні разу не пашкадаваў. Працую на пасту з моманту яго заснавання. Адказваю за гаспадарчую частку, аднак і ў нарады адпраўляюся. Працуем мы старанна, каб быў парадак на мяжы і на пасту. А калі ёсць жаданне, будзе і вынік.

Аляксандр ЖАЎНЕРЫК, намеснік начальніка паста:

 — На пост я трапіў у мінулым годзе пасля заканчэння Інстытута пагранічнай службы. Родам з Салігорска, аднак трапіў на Браслаўшчыну. І не шкадую, што маім першым месцам службы стаў пост «Відзы». Я служу ў зладжаным калектыве, у якім кожны выдатна выконвае свае абавязкі. Будзем і надалей адказна адносіцца да справы і старацца не здаваць тых пазіцый, якія занялі за гэтыя 5 гадоў.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара