Выйшаў у свет зборнік «Дрысвяцкія легенды і паданні»

Калейдоскоп
IMG_2169
Эмілія Шавэла з новым зборнікам

Браслаўская цэнтралізаваная клубная сістэма ў чэрвені гэтага года выпусціла зборнік фальклорнага матэрыялу «Дрысвяцкія легенды і паданні».

Упершыню дапаможнік пабачыў свет у 2001 годзе. Гэта быў адзіны асобнік у выглядзе альбома з малюнкамі. Над яго стварэннем працавалі вучні Дрысвяцкай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і краязнаўцы Эміліі Шавэла. Аснову склалі легенды і паданні, запісаныя ад старажылаў, а літаратурную апрацоўку пачутага рабілі Эмілія Шавэла, Даната Мартынкіна, Алена Радзэвіч.

Мінула 16 гадоў з часу першага выдання зборніка, ужо многіх старажылаў, са слоў якіх некалі запісалі фальклорны матэрыял, няма жывых. Аднак пачутае ад іх актыўна выкарыстоўваюць у творчай дзейнасці мясцовыя работнікі культуры і школьнікі: робяць тэатралізаваныя пастаноўкі.

— Альбом, які некалі зрабілі ў Дрысвятах, з’яўляецца выдатным дапаможнікам у вывучэнні фальклорнай спадчыны Браслаўскага раёна, — расказала метадыст ЦКС Вольга Букіс. — Таму мы вырашылі прадумаць новы дызайн, адсканіраваць малюнкі, якія ў якасці ілюстрацый рабілі дзеці, — і падрыхтавалі новы зборнік.

Падчас прэзентацыі выдання на раённым семінары па фальклоры яно было з цікавасцю ўспрынята прысутнымі, а некалькі экзэмпляраў перадалі ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і Віцебскі абласны метадычны цэнтр.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.