Свінагадоўчы комплекс СВК «Маяк Браслаўскі» нарошчвае аб’ёмы вытворчасці

Главное
1
Начальнік цэха ўзнаўлення Надзея Бялевіч заўсёды цікавіцца навуковымі распрацоўкамі ў галіне свінаводства.

Белстат канстатуе: вытворчасць сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак за паўгода знізілася на 0,8 %. У агульным аб’ёме падзенне адбылося з-за недабору кармоў і скарачэння продажу малака і мяса з асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарак. Свінаводы ж рэспублікі здолелі не толькі аднавіць пагалоўе пасля нанесенага афрыканскай чумой урону, а і павялічылі вытворчасць свініны на 2 % да адпаведнага перыяду мінулага года. Пра тое, як і чым жыве наш флагман — свінагадоўчы комплекс СВК «Маяк Браслаўскі», нашаму выданню расказала намеснік старшыні праўлення па свінаводстве Людміла Арцем’ева.

— Людміла Антонаўна, што можаце сказаць пра вынікі работы вашага калектыву за першае паўгоддзе?

— Па ўсіх накірунках дзейнасці мы не здалі мінулагодніх пазіцый, нарошчваем аб’ёмы вытворчасці, удасканальваем тэхналогіі, эксперыментуем, займаемся рэканструкцыяй. Карацей кажучы, комплекс не толькі эфектыўна працуе, а і развіваецца. Урэшце, мы давялі агульнае пагалоўе да 24 тысяч. Штомесячны прыплод парасят вырас да чатырох тысяч, і ён раўняецца пагалоўю, якое адпраўляецца на забой. Гэта дае магчымасць рэгулярна спраўляцца з узятымі на сябе планамі па рэалізацыі свініны без зніжэння пагалоўя. З гадавога задання ў 3 900 т мяса ў жывой вазе на мясакамбінаты адправілі амаль 2 тысячы тон. Разлічваем за год прадаць не менш чатырох тыс. т. Аб’ёмы вытворчасці павялічваем не толькі за кошт нарошчвання пагалоўя, а і прываг. За 6 месяцаў на адкорме сярэднясутачныя прывагі склалі 774 грамы і 640 па комплексе ў цэлым.

— Раней вы практыкавалі 3-фазавую сістэму ўтрымання. Цяпер перайшлі на цыкл у дзве фазы. Чым гэта выклікана?

— Еўрапейскія свінаводы даўно перайшлі на такую тэхналогію. Раней у нас парасяты спачатку ўтрымліваліся ля свінаматак, затым пераводзіліся ў цэхі дарошчвання, а потым на адкорм. Пасля ж рэканструкцыі працэс кармлення стаў аўтаматызаваным з камп’ютарным забеспячэннем і адпала неабходнасць пераводзіць жывёлу з аднаго цэха ў другі. Камп’ютары вызначаюць, у які дзень той ці іншай групе мяняць адзін від корму на другі. Цяпер у нас парасяты да 28 дзён знаходзяцца ля свінаматкі, затым паступаюць у адзін з 9-ці цэхаў, дзе і ўтрымліваюцца да адпраўкі на мясакамбінаты. Увесь цыкл займае 165 дзён. На забой прадаём свіней вагой ад 95 да 105 кг. Гэта самы аптымальны варыянт для высокай рэнтабельнасці. Сёння яна ў нас на ўзроўні 25-27 %.

— Людміла Антонаўна, вы пастаянна сочыце за вопытам еўрапейскіх калег, бераце на ўзбраенне новыя распрацоўкі вучоных у галіне свінаводства, таго ж патрабуеце і ад падначаленых спецыялістаў і нават аператараў. Гэта настолькі важна?

— Наш зямляк, былы прэм’ер- міністр Ізраіля Шымон Перэс калісьці сказаў: «Сельская гаспадарка — гэта 95 % навукі і 5 % працы». Дык вось, калі, скажам, у раслінаводчай галіне навуковыя распрацоўкі ў нас цесна не завязваюцца з практычным прымяненнем, то на комплексах, асабліва свінагадоўчых, калі не ісці ў нагу з навукай, перспектывы не будзе. У нашым калектыве 8 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Начальнік цэха ўзнаўлення Надзея Бялевіч вучыц- ца ў Акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Ніхто яе паступаць у ВНУ не прымушаў. Ды яна сама зразумела, што кіраваць падраздзяленнем, ад работы якога залежыць уся вытворчасць комплексу, аднаго вопыту мала. Хоць менавіта дзякуючы намаганням Надзеі мы выйшлі на эфектыўнасць пакрыцця свінаматак у 90 %. А гэта еўрапейскі ўзровень.

— Працаваць эфектыўна, на перспектыву можна толькі з калектывам дысцыплінаваных і адказных людзей…

— А ў нас менавіта такія і працуюць. Усяго на комплексе занятыя 115 чалавек. Штат укамплектаваны поўнасцю. Працаўнікі маюць выхадныя і своечасова атрымліваюць водпускі. Сярэдняя зарплата ў нас 530 рублёў. Цякучасці кадраў, можна сказаць, пазбавіліся. Адсюль у мяне як кіраўніка ёсць упэўненасць, што нам па сіле нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.

— Дзякуй за змястоўную размову.

■ Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.