Сустрэча з чытачом «Браслаўскай звязды»

Калейдоскоп Люди

Падчас чарговай сустрэчы з чытачамі «Браслаўскай звязды» з задавальненнем упэўнілася, што традыцыя выпісваць раёнку існуе ў многіх нашых сем’ях. Сваімі меркаваннямі наконт выдання падзялілася і медыцынская сястра ЦРБ Ірына Гайдамовіч.1

— Ужо даўно раённую газету выпісваюць мае бацькі, таму знаёмая з ёй з дзяцінства. Калі вучылася ў школе, больш звяртала ўвагу на фотаздымкі, цяпер жа з цікавасцю чытаю ўсе матэрыялы. Падабаецца тое, што газета змяшчае шмат разнастайных артыкулаў. І сёння яна для мяне з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра ўсё самае актуальнае, што адбываецца ў раёне, пра дзейнасць мясцовых органаў улады, арганізацый і прадпрыемстваў.

Акрамя гэтага, адзначыла Ірына Гайдамовіч, раёнка дапамагае быць юрыдычна «падкаваным».

— Абавязкова чытаю публікацыі пра медыкаў Браслаўшчыны, артыкулы пад рубрыкамі «Нявыдуманыя гісторыі», «У вольны час», іншым разам прыемна здзіўляюся, наколькі многа таленавітых людзей жыве ў нашым краі. Не забываюць карэспандэнты і пра маладых спецыялістаў.

Вельмі добра, што заўсёды друкуюцца анонсы мерапрыемстваў, бо гэта дазваляе быць у курсе культурных спраў раёна. Безумоўна, карыснай інфармацыяй з’яўляецца і рэклама.

Напрыканцы сустрэчы Ірына пажадала калектыву рэдакцыі і далей знаходзіць разнастайныя надзённыя матэрыялы, каб газета заставалася цікавай і шматпланавай.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.