ciconia_ciconia_15

Як людзі буслам дапамаглі

В свободное время Калейдоскоп

ciconia_ciconia_15Прачытала нядаўна ў «Браслаўскай звяздзе» апавяданне пра буслоў і жанчыну, якая ім дапамагла. Гэта гісторыя ўзрушыла мяне, і ўзгадалася яшчэ адна, якая здарылася на пачатку вясны.

Амаль 40 гадоў каля нашага дома на высокай таполі было гняздо бусла. Кожную вясну мы чакалі прылёту гэтых прыгожых птушак і радаваліся, калі яны весела клекаталі, вярнуўшыся на радзіму. Усё наваколле ажывала з іх прылётам. Буслы рамантавалі гняздо, выводзілі птушанят і смела гулялі па дварах навакольных дамоў. Але сёлета ў птушак здарылася сапраўдная бяда: старая таполя не вытрымала моцнага націску ветру і завалілася. Мы занепакоіліся: дзе ж будуць жыць буслы, калі вернуцца з выраю? Побач са зламаным дрэвам расло другое, але як зрабіць на ім гняздо? Звярнуліся да аднаго, другога па дапамогу, але смелага не знайшлося.

Тым часам бусел вярнуўся ў родныя мясціны. Сумна кружыў ён над паваленым дрэвам і разбураным гняздом. Але і пакідаць сваё месца не хацеў. І тады я, у поўным адчаі ад свайго бяссілля, звярнулася да Сяргея Ляха, які жыве непадалёку. Гэты чалавек заўсёды заняты справай, і, напэўна, няма таго, што ён не ўмее. Каля дома ў яго заўсёды ідэальны парадак, тэрыторыя прыгожа аздоблена. С. Лях не толькі сапраўдны майстар, адказны работнік, але і выдатны сем’янін.

Калі прыходзілася звяртацца да яго з якой праблемай, ён заўсёды прыходзіў на дапамогу. Вось і гэты раз, калі звярнулася да Сяргея, ён агледзеў дрэва і адразу ўзяўся за справу. Не сілай, а розумам, кажуць людзі. Менавіта так можна сказаць пра работу Сяргея. Ён адзін, без дапамогі змайстраваў новую буслянку. І толькі маленькі сынок Ягорка стараўся дапамагчы бацьку і падаваў яму патрэбныя рэчы. Ну вось і ўсё. «Хай засяляюцца ў новую кватэру», — з усмешкай сказаў Сяргей.

А бусел толькі гэтага і чакаў. Адразу ўзяўся рамантаваць новае гняздо: насіў галінкі, траву, салому. Радавалася і я, гледзячы на яго работу.

Сёння ў новым гняздзе ўжо вывеліся птушаняты, сталі на крыло, спрабуюць лётаць і хутка адправяцца ў вырай. Я ж, кожны раз гледзячы на іх, з удзячнасцю думаю пра добрага чалавека Сяргея Ляха, які дапамог птушцы не страціць веру ў людзей і іх дабрыню.

■ Аляксандра І., агр. Опса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.