Трэці раз касцёл ў Друі стаў месцам правядзення мастацкага пленэру

В свободное время Калейдоскоп

2Трэці раз касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Друі стаў месцам правядзення мастацкага пленэру. У гэтым годзе ён стаў міжнародным: да беларускіх мастакоў далучыліся творцы з Расіі і Галандыі.

Сёлетні пленэр прысвечаны слыннай асобе — нашаму першадрукару Фран- цыску Скарыне і 500-годдзю выдання Бібліі па-беларуску. Каб мастакі маглі поўнасцю акунуцца ў тэматыку і натхніцца на напісанне карцін, у Друю прывезлі рэквізіт — копію друкарскага станка, на якім была надру- кавана Біблія. Ён, дарэчы, дзейсны і выраблены сучасным майстрам з Глыбокага Вячаславам Дзмітровічам. На ім можна зрабіць першую старонку Бібліі. Побач са станком усталявалі драўляную скульптуру першадрукара аўтарства браслаўскага мастака і разьбяра Міхаіла Ставіцкага. Сустрэўся з творцамі нават і «сам» Францыск Скарына. Па запрашэнні ксяндза Сяргея Сурыновіча ў якасці натуршчыка ў Друю прыехаў вядомы рэканструктар, гісторык і дзіцячы пісьменнік Юрый Усціновіч. Ён знешне вельмі падобны да беларускага першадрукара, таму мастакі мелі магчымасць некалькі дзён пісаць яго партрэты. У гасцях у творцаў таксама пабывалі літаратары Адам Глобус і Аляксей Шэін. Наведаў мастакоў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

— У гэтым годзе на пленэр прыехалі больш за 30 удзельнікаў з нашай краіны, суседняй Расіі і Галандыі. Прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі. З Браслаўскага раёна таксама ёсць прадстаўнік: свае сілы ў напісанні карцін спрабуе вядомы ганчар Руслан Лабуць, — расказаў ксёндз Сяргей Сурыновіч. — Як і раней, мастакі прайшлі папярэдні творчы адбор, бо жадаючых трапіць сюды было шмат.

Толькі скарынаўскай тэматыкай удзельнікі пленэру не абмежаваны. 1Сярод іх прац — нацюрморты, пейзажы, партрэты.

— Я сама родам з Беларусі, але даўно жыву і працую ў Галандыі. Мне вельмі спадабалася Друя, арганізаваны пленэр. Тут нейкая своеасаблівая творчая атмасфера, — кажа Людміла Кальмаева. — Мясцовыя краявіды вельмі натхняюць на працу.

Аляксей Залезін, мастак з Санкт-Пецярбурга, таксама поўны станоўчых уражанняў. Ён прыехаў на пленэр разам з сяброўкай па рэкамендацыі беларускай мастачкі Вольгі Куваевай.

— Я задаволены тым, што давялося сюды трапіць. Увогуле ўпершыню ў Беларусі, і мне вельмі падабаецца, — кажа мужчына.

Мастацкі пленэр «Скарынэр» стаў сапраўдным мастацкім форумам. Па яго выніках адбылося адкрыццё вернісажу ў сценах касцёла Найсвяцейшай Троіцы ў Друі і, як і раней, мастакі пакінулі па некалькі прац для мясцовай галерэі.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *