Сур’ёзная рэч — скрыня для пошты

Калейдоскоп

il_340x270.820647982_sq9uБезумоўна, у сучасным свеце электронныя магчыма зносіны даўно апярэдзілі пошту класічную. Тым не менш, шматлікія афіцыйныя паведамленні, газеты і часопісы адпраўляюць і атрымліваюць традыцыйным спосабам — праз паштальёна. Такім чынам, паштовыя скрыні для карэспандэнцыі не страцілі сваёй актуальнасці.

На сённяшні дзень, па словах намесніка начальніка РВПС Алы Комар, у раёне ўстаноўлена такіх шафаў на 12 865 абанентаў. І, трэба прызнацца, стан некаторых паштовых скрынь вельмі далёкі ад ідэалу. У адных зламаны замок, у іншых і зусім не зачыняюцца дзверцы, і таму карэспандэнцыя даступная любому, ды і ветрам яе можа панесці. Засмучае часам і знешні выгляд як паштовых скрынь у пад’ездах шматкватэрных дамоў, так і групавых абаненцкіх шафаў на тэрыторыі прыватнага сектара. Першыя ўсталёўваюць работнікі КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік», а другія — супрацоўнікі РВПС. Але гэта зусім не значыць, што за іх утрыманне і тэхнічны стан адказнасць нясуць толькі гэтыя арганізацыі. Самі абаненты таксама павінны сачыць за спраўнасцю і знешнім выглядам паштовых скрынь, што, дарэчы, прапісана ў спецыяльнай інструкцыі.

1Часта ўладальнікі губляюць ключы, а потым адкрываюць дзверцы іншымі прыстасаваннямі, у выніку чаго скрыні перастаюць зачыняцца. Нямала скаргаў у РВПС паступае і з нагоды паштовых адпраўленняў, сапсаваных атмасфернымі ападкамі.

Не перавяліся, на жаль, і «добразычліўцы», якія свядома псуюць і ламаюць паштовыя скрыні, высыпаюць у іх шалупінне ад семак і іншае дробнае смецце, зрываюць мацаванні, падпальваюць карэспандэнцыю.

І зусім інакш ідуць справы ў прыватным сектары, паколькі гаспадары старанна падыходзяць да выбару індывідуальнай паштовай скрыні, некаторыя з якіх вельмі арыгінальныя і з’яўляюцца выдатным дэкорам дома.

Заходзячы ў пад’езд ці ў двор уласнага дома, практычна ўсе мы машынальна зазіраем у сваю паштовую скрыню. І робім гэта не таму, што чакаем ліст, а проста паддаючыся нейкаму рэфлексу. Значыць, гэтыя ўстройствы для нас не проста «скрынкі» для пошты. Дык можа, і ставіцца да іх трэба больш беражліва?

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *