Летні кірмаш рамёстваў — «Сустрэча сяброў»

В свободное время Калейдоскоп

Убачыць, як з гліны нараджаецца гарлачык, залацістая саломка складаецца ў прыгожы ўзор, звычайны кавалак тканіны ператвараецца ў самаробную ляльку, а ніткі сплятаюцца ў пояс, можна падчас летняга кірмашу рамёстваў «Сустрэча сяброў».2

На пляцоўцы ля музея традыцыйнай культуры ў мінулую нядзелю было шматлюдна і гучала музыка: браслаўскія майстры запрасілі да сябе ў госці ўсіх жадаючых пазнаёміцца з традыцыйнымі і сучаснымі рамёствамі.

Сёлетні кірмаш сабраў прадстаўнікоў розных напрамкаў. Падчас прагулкі па імправізаваных індывідуальных выстаўках можна было ўбачыць вырабы з гліны, лазы, сасновай дранкі, воўны, саломкі, тканіны і інш. Майстры ж з задавальненнем расказвалі пра сваю творчасць, дзяліліся прафесійнымі сакрэтамі. З цікавасцю прысутныя знаёміліся з творчасцю Веры Шыкалавай, Антаніны Жураўлёвай, Мікалая Дзянісава, Чэслава Жусяля, Жанны Міхновіч, Аксаны Гурыновай, Марыі Шлабун і многіх іншых таленавітых майстроў Браслаўшчыны. Пасля такіх жывых гутарак нельга было не ўтрымацца ад набыцця сувеніраў, напэўна, таму мала хто хадзіў па кірмашы з пустымі рукамі. Жанчыны выбіралі ўпрыгажэнні з бісеру і скуры, а дзеці не адыходзілі ад прыгожых цацак і лялек.1

Унікальнасць такіх мерапрыемстваў і заключаецца ў непасрэдных зносінах з майстрамі, магчымасці пазнаёміцца з аўтарамі прыгожых вырабаў і паспрабаваць сваімі рукамі зрабіць сувенір. Дарэчы, паўдзельнічаць у майстар-класах пажадалі многія. Так, напрыклад, ля стала Вольгі Лысёнак, якая паказвала, як рабіць лялек, заўсёды тоўпіліся людзі. Некаторым прыходзілася нават чакаць, пакуль вызваліцца месца. Затое потым — уласная лялька-абярэг. Акрамя гэтага, В. Лысёнак расказвала шмат цікавага пра традыцыі шыцця і тое, што ў нашых продкаў для кожнага этапа жыцця была асобная лялька.3

Арганізатары кірмашу прапаноўвалі яго наведвальнікам паўдзельнічаць у латарэі, дзе прызамі таксама былі вырабы мясцовых майстроў. Акрамя таго, святочны настрой падтрымлівалі артысты Браслаўскага РЦК, якія ўразілі прысутных новымі канцэртнымі нумарамі.

Словам, летні кірмаш прайшоў ва ўтульнай сяброўскай атмасферы і пакінуў пасля сябе толькі станоўчыя эмоцыі ад сустрэчы з творчасцю і талентам.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *